МЗС Польшчы падтрымала перадачу дакументаў аб злачынствах Лукашэнкі ў Гаагу
- 3.10.2024, 10:25
Дакументы ў МКС перадала Літва.
Міністэрства замежных спраў Польшчы падтрымлівае зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд у дачыненні да Лукашэнкі. Пра гэта заявіў у сераду прэс-сакратар польскага замежнапалітычнага ведамства Павел Вроньскі ў каментары "Белсату".
«Зварот літоўскага ўрада ў Міжнародны крымінальны суд і вывучэнне пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь на прадмет магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці можа стаць важным крокам для забеспячэння адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з траўня 2020 года.
Мы згодныя з тым, што ёсць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што рэжым Лукашэнкі мог учыніць злачынствы, вызначаныя ў Статуце Міжнароднага крымінальнага суда. Міністэрства замежных спраў разам з іншымі кампетэнтнымі органамі аналізавала гэтае пытанне, і гэты працэс будзе працягвацца. Мы з цікавасцю пазнаёмімся з аргументацыяй літоўскай стараны, што азначае поўную падтрымку літоўскага звароту Міністэрствам замежных спраў Польшчы», - сказаў ён.