Бабруец афармляў растэрміноўку на тэлефон і даведаўся шмат новага пра свайго начальніка
- 3.10.2024, 14:10
На начальніка завялі крымінальную справу.
Жыхар Бабруйска «загуляўся» і падмануў сваіх падначаленых на 368 тысяч рублёў, паведамілі ў Следчым камітэце. Мужчына больш за год пад рознымі падставамі выманьваў у супрацоўнікаў свайго прадпрыемства грошы, якія спускаў на стаўкі і іншыя мэты.
Галоўны механік аднаго з прадпрыемстваў Бабруйска займаўся падманам падначаленых дзеля грошай. Махлярская схема ўсплыла выпадкова, калі адзін з працаўнікоў пайшоў афармляць растэрміноўку на тэлефон. Праверка па банкаўскай базе паказала, што ў яго ўжо ёсць дзейная растэрміноўка на аналагічны тавар. Праз час супрацоўнік успомніў, як начальнік браў яго мабільны для развязання «свайго пытання».
«Больш за год – з кастрычніка 2022 года да снежня 2023 года – шараговаму кіраўніку ўдавалася падманваць падпарадкаваных яму работнікаў», – распавялі ў СК.
Адных 34-гадовы галоўны механік здолеў пераканаць узяць спажывецкія крэдыты, абяцаючы выплачваць запазычанасць за адсоткі. У іншых браў мабільны тэлефон пад рознымі падставамі і афармляў крэдыты без ведама і згоды ўладальнікаў сім-карт. Трэція давалі яму ў пазыку пад распіску.
У студзені 2024 года работнікі аднаго і таго ж прадпрыемства звярталіся ў міліцыю — ім прыйшлі апавяшчэнні аб запазычанасці ў растэрміноўках, якіх яны асабіста не афармлялі.
«Падчас допытаў мужчына патлумачыў следчаму, што вялікія грошы яму былі патрэбныя для выплаты падаходнага падатку. Мужчына гуляў і рабіў стаўкі. Шанцавала яму нячаста, аднак усе здабыткі адлюстроўваліся ва ўліках, пра што стала вядома падатковай інспекцыі», - паведамілі ў СК.
Усяго жыхар Бабруйска падмануў 35 чалавек і тры банкаўскія ўстановы, завалодаўшы грашыма на агульную суму больш за 368 тысяч рублёў. Выяўлена 98 фактаў крадзяжу. На маёмасць абвінавачанага накладзены арышт.
Атрыманыя падманам грошы ён выдаткоўваў на стаўкі, пагашэнне падаходнага падатку на прыбытак і аплату ўзятых у банкаў плацяжоў і растэрміновак.
«Згодна з высновай псіхолага-псіхіятрычнай экспэртызы, у фігуранта выяўлена захворванне ў выглядзе паталагічнай схільнасці да азартных гульняў, але ён мог усведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі», – распавялі ў СК.
Жыхару Бабруйска выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 4 арт. 209 КК (Махлярства, учыненае ў асабліва вялікай суме) і ч. 4 арт. 212 КК (Крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі ў асабліва вялікай суме), ён пад вартай. Мужчыну пагражае ад трох да 12 год калоніі.
Дадаткова ў банкі «накіраваныя паперы з прапановай аб прыняцці адпаведных мер для выключэння падобных фактаў крадзяжоў грашовых сродкаў».