BE RU EN

Мянчук назваўся амапаўцам і спрабаваў пачаставаць танцорку ў бары наркотыкамі

  • 3.10.2024, 15:32

Інцыдэнт адбыўся на Зыбіцкай.

У Менску будуць судзіць 39-гадовага мужчыну, якога абвінавачваюць у незаконным з мэтай збыту абарачэнні забароненых рэчываў, распавялі «Минск-Новостям» у пракуратуры. Яго затрымалі ў бары на Зыбіцкай, дзе ён спрабаваў пачаставаць танцорку наркотыкамі.

Мянчук купіў у ценявым інтэрнэт-маркеце за біткоіны 1 г гашышу і атрымаў у якасці бонуса таблетку MDMA. Потым, выпіўшы бутэльку шумлівага віна і выкурыўшы частку наркотыкаў, адправіўся весяліцца на Зыбіцкую.

У адным з бараў яму спадабалася танцорка, якую ён надумаў пачаставаць наркотыкамі. Мужчына падышоў да яе, калі дзяўчына сядзела з калегам за барнай стойкай. Пачуўшы такую незвычайную прапанову, тая папрасіла паказаць таблетку і гашыш, пасля чаго паведаміла аб гэтым свайму кіраўніцтву і ахоўніку. Апошні папрасіў наведвальніка пакінуць установу, але той пачаў грубіць і запэўніваць, што ён супрацоўнік АМАП.

Непадалёк ад бара якраз дзяжурылі сапраўдныя амапаўцы. Яны і выявілі ў мужчыны падчас ператрусу 0,46 г гашышу і таблетку MDMA, а таксама піпетку, якую той выкарыстоўваў для ўжывання рэчываў.

У дачыненні да менчука распачалі крымінальную справу. Са слоў фігуранта, ён пакутаваў ад бессані і прачытаў у інтэрнэце, што пазбавіцца ад яе дапамагаюць каноплі.

- Абвінавачаны зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам, на ўтрыманні мае непаўналетняе дзіця, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, - распавёў намеснік пракурора Цэнтральнага раёна Андрэй Нікольскі.

Мужчыну выстаўленае абвінавачанне ў незаконным з мэтай збыту набыцці, перавозцы і захоўванні наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў (ч. 3 арт. 328 КК), яму пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам або без яго. Віну ён не прызнаў.

Цяпер мянчук пад вартай.

Апошнія навіны