У Літве працаўнікам «сакрэтных арганізацый» забаранілі ўезд у Беларусь
- 3.10.2024, 18:53
Сейм Літвы прыняў папраўкі да закону аб дзяржаўнай і службовай таямніцы.
У Літве забаранілі работнікам некаторых устаноў і сябрам Саюза стралкоў, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі, выязджаць у «недружалюбныя» краіны. Пра гэта ў чацвер, 3 кастрычніка, паведамляе літоўскі вяшчальнік LRT.
Дарэчы, літоўскі Сейм прыняў папраўкі да закона аб дзяржаўнай і службовай таямніцы 80 галасамі за.
Міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас заяўляў, што папраўкі да закона павінны абмежаваць паездкі супрацоўнікаў «сакрэтных арганізацый» у краіны, дзе іх прысутнасць можа пагражаць нацыянальнай бяспецы Літвы.
Урад краіны будзе вызначаць краіны са спісу забароненых на ўезд на аснове «рызыкі для нацыянальнай бяспекі».
У Мінабароны Літвы заявілі, што забарона распаўсюдзіцца на Расею, Беларусь і Кітай. У гэтыя краіны ўжо забароненыя паездкі для літоўскіх вайскоўцаў і чыноўнікаў. Новая забарона, паводле ацэнак ведамства, закране амаль 56 тысяч чалавек, якія працуюць з сакрэтнай інфармацыяй.