BE RU EN

Джо Байдэна ўзнагародзяць у Нямеччыне вышэйшым ордэнам ФРГ

  • 3.10.2024, 19:42

За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія.

Прэзідэнт ЗША падчас дзяржаўнага візіту ў Нямеччыну на будучым тыдні атрымае вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду ФРГ. Прэзідэнт краіны Франк-Вальтэр Штайнмаер уручыць яму Вялікі крыж асаблівай ступені ордэна «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія», паведаміла ў чацвер, 3 кастрычніка, канцылярыя прэзідэнта ФРГ.

У паведамленні зазначаецца, што тым самым кіраўнік нямецкай дзяржавы адзначыць заслугі Джо Байдэна ў справе ўмацавання нямецка-амерыканскага сяброўства і трансатлантычнага альянсу, якія за мінулыя пяць дзесяцігоддзяў узмацняліся шмат у чым дзякуючы Байдэну і асабліва на фоне расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Джо Байдэн стане першым пасля Джорджа Буша-старэйшага (кіраваўшага з 1989 да 1993 года. - Рэд.) прэзідэнтам ЗША, які атрымае вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Нямеччыны. Будучы трохдзённы візіт Байдэна ў ФРГ у плане пратакола расцэньваецца як паўнацэнны дзяржаўны візіт - у выніку амерыканскі прэзідэнт упершыню пасля ўз'яднання Нямеччыны будзе прыняты ў ФРГ з вышэйшымі дзяржаўнымі ўшанаваннямі, падкрэсліваецца ў паведамленні.

Апошні дзяржаўны візіт прэзідэнта ЗША ў ФРГ адбыўся ў 1985 годзе, калі Рональд Рэйган наведаў Бон, Бітбург і Берген-Бельзен. Пасля гэтага візіты амерыканскіх прэзідэнтаў у Нямеччыне праходзілі толькі на працоўным узроўні.

Джо Байдэн прыбудзе ў Нямеччыну ўвечары 10 кастрычніка. На наступны дзень яго прыме з вайсковымі ўшанаваннямі ў палацы Бельвю ў Берліне Франк-Вальтэр Штайнмаер, пасля чаго кіраўнікі дзвюх дзяржаў правядуць перамовы. Апоўдні прэзідэнт ФРГ зладзіць у гонар высокага госця дзяржаўны банкет.

У другой палове дня 11 кастрычніка Джо Байдэн сустрэнецца з канцлерам ФРГ Олафам Шольцам, а 12 кастрычніка Байдэн і Шольц адправяцца на базу ВПС ЗША «Рамштайн» у федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц на міжнародную канферэнцыю што да Украіны.

Апошнія навіны