Трамп можа зладзіць Пуціну непрыемную неспадзеўку
- 30.10.2024, 12:04
Размова ідзе пра кошты нафты.
Кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну больш спакойна мець на чале ЗША прадстаўніка Дэмакратычнай, а не Рэспубліканскай партыі. Калі на прэзідэнцкіх выбарах пацерпіць паразу Дональд Трамп, Расею могуць чакаць «непрыемныя неспадзеўкі».
Сярод іншага, гаворка можа ісці пра істотнае падзенне сусветных коштаў нафты, што прымусіць краіну-агрэсарку РФ забыцца пра экспансіянісцкія мэты. Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю OBOZ.UA выказала расейская апазіцыянерка Вольга Курносава.
«Пуцін наўпрост казаў, што яму спакайней працаваць з дэмакратычнай адміністрацыяй, таму што яна больш зразумелая. Што называецца, «лік на табло», – заўважыла яна.
У гэтым кантэксце палітык нагадала, што адміністрацыя дэмакрата Барака Абамы фактычна «з'ела» анэксію Крыма. «За апошні год дэмакратычная адміністрацыя Байдэна вылучае ваенную дапамогу Украіне проста кроплямі, ленд-ліз так і не запрацаваў. Таму нашыя чаканні ад дэмакратычнай адміністрацыі не апраўдаліся», – канстатавала яна.
У той самы час Курносава перакананая, што «жорсткі падыход» да развязання пытанняў, які выяўляе Дональд Трамп, можа абяцаць кіраўніку Крамля «непрыемныя неспадзеўкі».
«Калі Трамп гаворыць, што значна лепш, чым санкцыі, працуе падзенне коштаў нафты і мы чуем аналагічныя словы і ад саудаўскага прынца... Я выдатна разумею, што калі кошты нафты ўпадуць да 50 даляраў за бараль, то ў Пуціна сапраўды пачнуцца рэальныя праблемы з бюджэтам. І толькі гэта можа спыніць яго ў экспансіянісцкіх памкненнях», – падсумавала яна.