Forbes: Вайскоўцы 109-га палка РФ трапілі ў пастку ў Тарэцку
- 30.10.2024, 12:10
УСУ пайшлі ў контрнаступ у горадзе.
Украінскія войскі пакрысе прасоўваюцца ў Тарэцку, адваяваўшы ўжо некалькі кварталаў.
Выданне Forbes са спасылкай на відэа 101-й гвардзейскай брыгады піша пра магчымасць контрнаступу УСУ ў горадзе.
«Сярод удараў былі прыкметы блізкага бою – сведчанне таго, што ўкраінцы дапаўнялі бамбаванне пяхотнымі атакамі. Пасля нападаў бамбаванне спынілася, што, магчыма, паказвае на тое, што ўкраінцы выцеснілі мясцовыя расейскія сілы. Відэаролікі, сабраныя ўкраінскай 101-й гвардзейскай брыгадай у пачатку кастрычніка, відаць, знялі пачатковую фазу контрнаступу», – адзначаюць журналісты.
Яны пішуць пра наяўнасць на відэа беспілотнікаў, што наносяць удары па расейцах, якія хаваюцца ў пад'ездах, кватэрах і на дахах вышыннага раёна. Адзін з БПЛА зняў адступленне расейскай пяхоты пасля іх няўдалай лакальнай контратакі. Вораг здолеў замацавацца ў адным з гмахаў, аднак украінскім вайскоўцам удалося яго знішчыць.
Паводле інфармацыі выдання, на мінулым тыдні падраздзяленні расейскага 109 мотастралковага палка фактычна трапілі ў пастку ў адным з раёнаў з вышыннымі будынкамі горада.
«Цяпер я знаходжуся ў цэнтры горада ў дзевяціпавярховым будынку. Няспынная стральба, а тут нашы хлопцы нават не могуць дабрацца да суседніх дамоў», – расказаў адзін з расейскіх афіцэраў у відэа, якое ён размясціў у сацыяльных сетках.
Вайсковец паведаміў, што атрымаў траўмы ў выніку падзення бетону. Гэта з'яўляецца яшчэ адным доказам «стратэгіі ўкраінцаў у зносе будынкаў».
«Зраўняць з зямлёй горад, каб выратаваць яго, для ўкраінцаў – пірава перамога. Але калі знішчэнне Тарэцка – гэта кошт частковага развароту назад расейскага наступу на гэтай восі, украінцы з радасцю заплацяць яго. Альтэрнатыва – яшчэ адно адступленне ўкраінцаў – проста дазваляе расейцам прасоўвацца ў большую колькасць гарадоў», – піша выданне.
Журналісты дадаюць, што гэта можа «намякаць на ход думак украінскіх камандзіраў, якія рыхтуюцца да вялікіх бітваў у Пакроўску і Курахаве».
«План відавочны: бамбаваць расейцаў беспілотнікамі, атакаваць пяхотай... і разбурыць усе будынкі, якія расейцы могуць ператварыць у абарончую пазіцыю», – дадае Forbes.