BE RU EN

Валер Карбалевіч: Складваецца ўражанне нейкага правалу ў Лукашэнкі

  • 30.10.2024, 11:21

Дыктатар заблытаўся.

Пастанова Лукашэнкі «балатавацца» на новы тэрмін прагучала руцінна. Можна меркаваць, што гэта адбылося таму, што нам неўнікнёна давялося б адказаць на пытанне: чаму Лукашэнка змяніў сваю ранейшую пазіцыю? Бо ў 2020 годзе і пазней ён неаднаразова заяўляў, што больш не збіраецца «балатавацца».

Пра гэта ў сваёй аўтарскай калонцы для «Радыё Свабода» разважае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч:

– Улады запусцілі флэшмоб, удзельнікі якога просяць Аляксандра Лукашэнку «балатавацца» на сёмы тэрмін. Паказваюць серыю відэаролікаў, у якіх людзі прамаўляюць слова «Трэба». З гледзішча нармальнай логікі гэта выглядае дзіўна, бо пра сваю пастанову «балатавацца» публічна ўжо заявіў сам Лукашэнка. У Цэнтральную выбарчую камісію (ЦВК) пададзеная афіцыйная заява аб «рэгістрацыі» ягонай ініцыятыўнай групы. І ён ужо «зарэгістраваны». Складваецца ўражанне нейкага правалу, быццам атачэнне Лукашэнкі нешта наблытала.

Усё становіцца на свае месцы, калі меркаваць, што «прэзідэнцкія выбары» першапачаткова планавалася правесці ў канцы лютага.

Можна ўзгадаць выпушчаны ЦВК лагатып, на якім памылкова пазначаная дата 25 лютага 2025 года. Пад гэтыя тэрміны і была запушчаная агітацыйная праграма Лукашэнкі.

Але дату выбараў чамусьці пастанавілі прызначыць на месяц раней. У выніку збіўся ўвесь алгарытм «выбарчай кампаніі». Менавіта таму ўзнікла такая пацешная сітуацыя, калі Лукашэнка спачатку заяўляе пра свой удзел у «выбарах», а потым разгортваецца флэшмоб, у якім яго пра гэта просяць.

Аб'ява пра пастанову Лукашэнкі балатавацца на новы тэрмін адбылася крыху незвычайна, на тэрыторыі Расеі (у Казані), у інтэрв'ю Вользе Скабеевай. Спецыяльнай прэзентацыі ў выглядзе прэс-канферэнцыі, якая тлумачыць такую пастанову, не было. Можна меркаваць, што гэта адбылося таму, што неўнікнёна давялося б адказваць на пытанне, чаму Лукашэнка змяніў сваю ранейшую пазіцыю. Нагадаю, ён неаднаразова заяўляў, што больш не збіраецца «балатавацца».

Вядома, што Расея ў 2020 годзе падтрымала Лукашэнку з умовай, што ён пачне працэс перадачы ўлады. Для рэалізацыі гэтага транзіту была прынятая новая «канстытуцыя», у якой замацаваны статус «усебеларускага народнага сходу» (УНС) як галоўнага органа ўлады.

Таксама можна згадаць словы прапагандыста Юрыя Васкрасенскага з ягонага інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе» ад 23 кастрычніка 2020 года. Размова ішла пра сустрэчу Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка таго ж года. Паводле словаў Васкрасенскага, Лукашэнка тады сказаў:

«Даю вам слова, што гэта мой апошні тэрмін. Клянуся сваімі дзецьмі».

Цяпер усё змянілася. Напрыклад, прайшло амаль пяць месяцаў з моманту першага паседжання «ўсебеларускага народнага сходу» ў новым статусе. І з таго часу няма ніякіх прыкметаў яго існавання.

Дарэчы, звярніце ўвагу, што на афіцыйным узроўні ніхто не згадвае другую пасаду Лукашэнкі – «старшыні УНС».

А цяпер прапагандысцкім флэшмобам улады спрабуюць нейтралізаваць і скасаваць усе згадкі пра ранейшыя абяцанні Лукашэнкі пра ягоны хуткі сыход з прэзідэнцкай пасады.

Апошнія навіны