BE RU EN

Шыкоўныя надзелы на Нарачы патрапілі на аўкцыён

  • 30.10.2024, 11:27

Ёсць проста ля вады.

Калі перад усімі морамі-акіянамі вы аддаяце перавагу айчынным вадаёмам, то проста цяпер ёсць магчымасць займець надзел на галоўным беларускім курорце. Мядзельскі райвыканкам выставіў на гандаль адразу тры зямельныя надзелы, размешчаныя побач з возерам Нарач. Два надзелы пад будаўніцтва катэджаў знаходзяцца практычна на першай лініі, трэці – крыху далей, піша Realt.

Першы надзел размешчаны проста ў курортным пасёлку Нарач – на вуліцы Турысцкай, 1В. Цяпер на гэтым месцы – проста зялёная зона. Побач размясціўся аднапавярховы комплекс блакаваных кватэраў (у пачатку года яны, дарэчы, таксама прадаваліся з аўкцыёну). Само возера знаходзіцца літаральна за 300 метраў.

Плошча надзелу, прызначанага для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома, складае 12 сотак. Ён знаходзіцца ў водаахоўнай зоне. З камунікацый – толькі электрычнасць. Пачатковы кошт – 65 тысячаў рублёў (блізу 20 тысячаў даляраў).

Другі лот – гэта надзел у вёсцы Чараўкі Мядзельскага раёна, размешчаны проста на першай лініі возера Нарач. Адрас зямельнага надзелу – вуліца Цэнтральная, 38А. Варта адзначыць, што вёска Чараўкі – папулярнае турыстычнае месца: тут можна знайсці некалькі аграсядзібаў, а таксама прадуктовую краму.

Плошча надзелу, прызначанага для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома, таксама складае 12 сотак. Зямельны надзел знаходзіцца ў водаахоўнай зоне. З камунікацый – толькі электрычнасць. Пачатковы кошт – 65 тысячаў рублёў (блізу 20 тысячаў даляраў).

Трэці надзел размешчаны ў курортным пасёлку Нарач, але знаходзіцца ў яго новай частцы, аддаленай ад возера прыкладна на 2 кіламетры. Зямельны надзел знаходзіцца ў раёне індывідуальнай забудовы «Аэрапорт» на вуліцы Садовай, 33.

Плошча надзелу, прызначанага для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома, складае 13 сотак. З камунікацый тут ёсць электрычнасць і цэнтральнае водазабеспячэнне. Пачатковы кошт – 18 тысячаў рублёў (блізу 5,5 тысячы даляраў).

Аўкцыён для продажу надзелаў пройдзе 29 лістапада аб 11-й у будынку сельвыканкама аграгарадка Нарач (вул. Першамайская, 49, зала пасяджэнняў).

Апошнія навіны