«Лукашэнку выправяць у высылку ў Чыту»
- 30.10.2024, 13:13
Сітуацыя для яго безнадзейна страчаная.
Аляксандр Лукашэнка зноў зрабіў шэраг дзіўных заяваў, адзначыўшы, што нібыта няма доказаў, што ён дазваляў расейцам нападаць на Украіну з тэрыторыі ягонай дзяржавы.
Пра гэта «24 Каналу» расказаў палітолаг, сацыёлаг з Нямеччыны Ігар Эйдман, адзначыўшы, што дыктатар баіцца праз узмацненне ціску з боку Уладзіміра Пуціна.
Лукашэнка, на думку Эйдмана, ужо дасылаў шмат сігналаў Захаду. Маўляў, што Пуцін сам да яго прыйшоў, а ён тут ні пры чым. Зразумела, што ён надумаў строіць з сябе дурня.
Лукашэнка так сябе паводзіць, як патлумачыў палітолаг, бо вельмі баіцца ўзмацнення Пуціна і таго, што Расеі ўдасца дасягнуць нейкага посьпеху ва Украіне. Калі так адбудзецца, дык Беларусь будзе наступнай.
«У Пуціна ёсць ідэя-фікс – узнавіць СССР. Савецкі Саюз распаўся ў выніку нарады ў Белавежскай Пушчы, у якой удзельнічалі Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Станіслаў Шушкевіч. І Пуцін уважае за задачу свайго жыцця сабраць анты-Белавежскую Пушчу і аднавіць калі не СССР, то хоць бы Расейскі Саюз з самой Расеі, а таксама Украіны і Беларусі. У сутнасці стварыць новы варыянт расейскай імперыі», – адзначыў ён.
У той самы час Лукашэнку гэта не патрэбна, таму што ў яго зусім іншыя стратэгічныя мэты, а менавіта, каб Беларусь «даіла» Расею разам з Кітаем, каб Пуцін даваў яму грошы, дапамагаў з прапагандай і з галаварэзамі, якія заціскалі б любыя пратэсты.
Аднак пры гэтым Лукашэнка хоча, каб Пуцін не лез ва ўнутраную палітыку Беларусі і не далучаў яе да Расеі. Беларусь, як ён марыць, павінна быць «спадчынным каралеўствам» роду Лукашэнкі.
«Лукашэнка хоча перадаць “трон” свайму сыну – Коленьку. А Пуціну ён не патрэбны, яму важна паставіць у Беларусі нейкага расейскага генерал-губернатара», – адзначыў палітолаг.
Лукашэнку ж, дадаў ён, выправяць у «ганаровую высылку» ў Чыту, а ў найлепшым выпадку – у Падмаскоўе, да Віктара Януковіча.
Такая перспектыва дыктатара не задавальняе, і таму яму трэба тэрмінова дамаўляцца з Захадам, каб яго падтрымалі ў гэтай сітуацыі і каб ён мог зноў балансаваць паміж Расеяй і заходнім светам.
«Аднак сітуацыя для яго безнадзейна страчаная. Захад гэтак сама як з Пуціным, з Лукашэнкам ніякіх перамоваў весці не будзе і ні ў якія гульні з ім не будзе гуляць», – упэўнены Ігар Эйдман.