УСУ распляжылі вялікую штурмавую калону РФ ля Курахава
- 30.10.2024, 21:11
Акупантаў накрылі шквальным агнём.
У Данецкай вобласці ўкраінскія дэсантнікі спынілі расейскі механізаваны штурм у бок горада Курахава.
У 46-й асобнай аэрамабільнай брыгадзе распавялі, што расейскае камандаванне адправіла новых штурмавікоў па шляху, на якім нядаўна разбілі іншых акупантаў, паведамляе «Дыялог.UA».
Украінскія байцы падкрэслілі, што другая штурмавая група фактычна наступіла на тыя ж граблі.
Пяць БМП і два танкі сфармавалі ранішні ўдарны кулак у кірунку абароны аднаго з аэрамабільных батальёнаў УСУ.
Цягам 15 хвілін агнём артылерыі, FPV-дронамі і сродкамі дыстанцыйнага мінавання былі знішчаныя 4 БМП і 2 танкі расейцаў. Яшчэ адна бронемашына спынілася на паўдарогі.
Потым ужо спешаную пяхоту акупантаў знішчалі сілы беспілотных сістэм. Украінскія вайскоўцы адбілі атаку на дарозе ля Максіміліянаўкі - Курахава.
На гэтым кірунку цяжкія баі працягваюцца, супраціўнік кідае ў бой усё новыя рэзервы, каб хутчэй зайсці ў Курахава.