BE RU EN

У розных краінах Еўропы прайшла Ноч расстраляных паэтаў

  • 30.10.2024, 14:48

Фотафакт.

У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску былі расстраляныя як мінімум 132 дзеячы беларускай культуры, навукі, чыноўнікі таго часу, піша «Наша Ніва». Сярод іх былі 22 літаратары. У 2024 годзе акцыі памяці праходзяць больш чым у 40 гарадах не менш як 15 краін свету.

У Вільні мерапрыемства «Ноч (не)расстраляных паэтаў» прайшло на вуліцы Ахвяр (Aukų g.) недалёка ад будынка, дзе ў свой час знаходзіўся літоўскі філіял КДБ.

У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі пры падтрымцы тэатра “Дзея Другая” і варшаўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы адбылася вечарына памяці, прысвечаная гэтай крывавай даце ў гісторыі Беларусі – масаваму расстрэлу прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты.

У час мерапрыемства прагучалі творы беларускага музычнага мастацтва ў выкананні кампазітара Іллі Семашкевіча/b>. Прафесійныя акторы і грамадскія дзеячы прачыталі вершы ахвяр палітычных рэпрэсій.

У Беластоку ў памяць Ночы расстраляных паэтаў 1937 года выступіў Вольны Хор з Варшавы. Ён прадэманстраваў адмысловую праграму на вершы творцаў, рэпрэсаваных сталінскім рэжымам. Канцэрт прайшоў у сімвалічным месцы - Музеі памяці Сібіры.

У «Доме Вольнай Беларусі» ў Львове быў паказаны дакументальны фільм «Лес», які расказвае некалькі рэальных гісторый сталінскіх рэпрэсій у Гомельскай вобласці ў 1930-х гадах. У фільме выкарыстаны архіўныя відэаматэрыялы і аўдыёзапісы, на якіх відавочцы расказваюць пра падзеі 1930-х.

Акрамя беларусаў, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел сустаршыня Лігі ўкраінскіх жанчын Міраслава Цімчышын, студэнты гістфака Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франко, аграрнага ўніверсітэта, а таксама ўкраінская моладзь, якая дапамагае беларускім добраахвотнікам.

Апошнія навіны