Кіраўнік МЗС Польшчы анансаваў змены ў правілы выдачы карты паляка
- 30.10.2024, 15:23
Праз сітуацыю ў Беларусі і РФ.
Кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што закон аб карце паляка неабходна змяніць з меркаванняў нацыянальнай бяспекі. Паводле яго слоў, гэта звязанае ў тым ліку з дзейнасцю «варожых Польшчы службаў», паведамляе Portal Samorządowy.
Сікорскі заявіў, што неабходнасць унесці змены ў закон аб карце паляка наспела ў сувязі з «палітычнай сітуацыяй», перш за ўсё ў Беларусі і РФ. Трэба дакладна вызначыць крытэры, якія даюць права на атрыманне гэтага дакумента, перш за ўсё дзеля нацыянальнай бяспекі, сцвярджае кіраўнік польскага МЗС.
Міністр паведаміў, што з 2008 года да 30 верасня 2024-га было выдадзена амаль 215 000 дазволаў на атрыманне карты паляка. Гэты дакумент, які забяспечвае свайму ўладальніку шэраг бонусаў у Польшчы, папулярны ў краінах былога СССР, і цікавасць да яго значна ўзрасла пасля расейскага ўварвання ва Украіну - асабліва сярод жыхароў Украіны, Беларусі і РФ.
«У сувязі з палітычнай сітуацыяй, асабліва ў апошніх дзвюх краінах, расце неабходнасць унясення змяненняў у закон аб карце паляка, каб дакладна вызначыць крытэрыі, якія даюць права на яе атрыманне, - перш за ўсё дзеля нашай бяспекі», - растлумачыў Сікорскі.
Паводле яго слоў, адміністрацыйныя органы, упаўнаважаныя разглядаць заявы на атрыманне карты паляка, «сутыкаюцца з усё больш сур'ёзнымі пагрозамі».
«Адным з ключавых пытанняў з'яўляецца магчымасць для варожа настроеных да Польшчы службаў стварыць практычна ўсякае дасье суіскальніка [на атрыманне карты паляка]», - заявіў кіраўнік МЗС Польшчы.
Сікорскі падкрэсліў, што польскія консулы і чыноўнікі павінны мець магчымасць адэкватна рэагаваць, каб карта паляка не стала «прабелам у міграцыйных працэдурах».