Пераможцы парламенцкіх выбараў у Літве выбралі новага кандыдата ў прэм'еры
- 30.10.2024, 19:43
На парламенцкіх выбарах перамогу атрымалі сацыял-дэмакраты.
Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы, якая перамагла на нядаўніх парламенцкіх выбарах, у сераду, 30 кастрычніка, вызначылася з новым кандыдатам у прэм'ер-міністры пасля адмовы лідаркі партыі Віліі Блінкявічутэ.
Пра гэта паведамляе Delfi.
Пасля пасяджэння прэзідыума літоўскай Сацыял-дэмакратычнай партыі Блінкявічутэ пацвердзіла распаўсюджаную напярэдадні ў СМІ інфармацыю, што яна не зойме пасаду прэм'ер-міністаркі.
«Я не маю магчымасці выконваць абавязкі прэм'ер-міністаркі, беручы да ўвагі мой узрост і стан здароўя», – дадала яна.
Замест Блінкявічутэ кандыдатам сацыял-дэмакратаў на пасаду кіраўніка ўраду прапанавалі Гінтаўтаса Палуцкаса – чальца Сейма і былога лідара партыі. На прэс-канферэнцыі ён падзякаваў за выбар ягонай кандыдатуры.
«Я адчуваю вялікую адказнасць, якая кладзецца на плечы кандыдата, людзі чакаюць пастановаў, якія палепшаць іх жыццё», – дадаў Палуцкас.
Нагадаем, паводле вынікаў парламенцкіх выбараў у Літве Сацыял-дэмакратычная партыя, якая да гэтага часу знаходзілася ў апазіцыі, замацавала лідарства і будзе мець найбольшую колькасць мандатаў у Сейме – 52.