BE RU EN

ЗША ўпершыню пакаралі швэйцарскіх юрыстаў за адмыванне расейскіх грошай

  • 30.10.2024, 20:01

Вашынгтон не адзін месяц патрабаваў ад Берна закрыць шчыліну.

Амерыканскія чыноўнікі не адзін месяц патрабавалі ад Швэйцарыі закрыць шчыліну, якая дазваляе мясцовым юрыстам ствараць падстаўныя кампаніі, якія спрыяюць ухіленню ад санкцый. Не сустрэўшы разумення, Вашынгтон упершыню пасля пачатку вайны ва Украіне пакараў двух швэйцарскіх юрыстаў, якія таемна дапамагалі хаваць свае актывы.

Андрэс Баўмгартнер і Фабіа Лібера Дэлка з фірмы Dietrich Baumgartner «з'яўляюцца асноўнымі распарадчыкамі расейскіх актываў і выконваюць важную ролю ў арганізацыі бізнэсу і грашовых плыняў расейцаў у Швэйцарыі і Ліхтэнштэйне», заявіла Управа кантролю за замежнымі актывамі ЗША (OFAC), увёўшы санкцыі супраць саміх юрыстаў.

Паводле апошніх падлікаў, у Швэйцарыі зарэгістравана блізу 33000 кампаній-пустышак –адна на кожных 37 жыхароў у адной толькі Жэневе, адзначае Bloomberg. У парламенце цяпер абмяркоўваецца законапраект, паводле якога кампаніі абавязаныя будуць даваць інфармацыю пра сваіх сапраўдных уладальнікаў, а юрысты – паведамляць пра падазроныя транзакцыі пад страхам крымінальнага пераследу. Але, паводле словаў высокапастаўленага палітыка, у яго мала шанцаў праз супраціў любому рэгуляванню, здольнаму падарваць прывабнасць швэйцарскай фінансавай сістэмы Швэйцарыі. Між тым амбасадар ЗША ў краіне Скот Мілер заявіў, што Швэйцарыя «можа і павінна зрабіць больш для таго, каб яе прававая база не выкарыстоўвалася для незаконнай фінансавай дзейнасці… а юрысты, якія выступаюць у якасці нефінансавых пасярэднікаў, падпадалі пад дзеянне правілаў барацьбы з адмываннем грошай».

Вашынгтон ужо не адзін месяц цісне на Берн у гэтым пытанні, але беспаспяхова, кажуць крыніцы Bloomberg. У пачатку кастрычніка ў краіну прылятала дэлегацыя Дзярждэпартамента і Міністэрства фінансаў ЗША, каб абмеркаваць барацьбу з адмываннем грошай і недапушчэннем абыходу санкцый.

OFAC таксама ўвяло санкцыі супраць швэйцарскай кампаніі ZG Optique, «за дзейнасць у тэхналагічным сектары эканомікі Расейскай Федэрацыі». Паводле звестак уладаў ЗША, ZG Optique, якая распрацоўвае высокадакладныя прыборы, мае кліентаў у Расеі, супрацоўнічае з філіяламі «Растэха», якія знаходзяцца пад санкцыямі, і ажыццяўляла пастаўкі таксама трапіламу пад санкцыі вытворцу акуляраў начной візіі «Катод».

Апошнія навіны