Заканадаўцы ЗША заклікалі дазволіць Польшчы збіваць расейскія ракеты над Украінай
- 30.10.2024, 20:15
Да Байдэна звярнуліся двухпартыйныя лідары Хельсінкскай камісіі.
Двухпартыйныя лідары Хельсінкскай камісіі ЗША звярнуліся да прэзідэнта краіны Джо Байдэна. Яны просяць яго даць дазвол Польшчы як хаўрусніцы NATO збіваць варожыя ракеты над Украінай.
Пра гэта паведамляе The Hill.
Паводле звестак выдання, рэспубліканец Джо Уілсан і дэмакрат Стыў Коэн накіравалі Байдэну ліст. У ім яны просяць даць Польшчы паўнамоцтвы «перахапляць і нейтралізаваць ракеты над Украінай, асабліва якія пагражаюць наблізіцца да польскай паветранай прасторы».
Іх запыт заснаваны на тым, што Польшча мае ініцыятыву ўжываць свае сістэмы СПА і патэнцыйна пашырыць іх дзеянне не толькі на польскае неба, але і на ўкраінскае.
Варта нагадаць, што гэтай вясной, падчас аднаго з абстрэлаў Украіны Расеяй, расейскія ракеты на кароткі час перасеклі польскую паветраную прастору.