Палітолаг: Крэмль прадугледзеў раптоўную гібель Лукашэнкі
- 31.10.2024, 11:05
Пуцін адправіў Лаўрова ў Менск на перамовы.
Пуцін адправіў Лаўрова ў Менск на перамовы з Лукашэнкам. Сустрэчу не маскавалі - так супала, што загадзя быў запланаваны ўдзел у канферэнцыі па еўразійскай бяспецы.
Пра гэта піша беларускі палітолаг Зміцер Балкунец:
- Сітуацыя, у якую Лукашэнка паставіў Пуціна, дэманстратыўна разарваўшы ўсе пагадненні аб няўдзеле ў выбарах, прымушае Крэмль пераглядаць падыход і дзейнічаць асцярожна. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на Савеце бяспекі Расеі ў мінулую пятніцу. Падтрымка Крамля ўзмоцніць залежнасць Беларусі і можа ўцягнуць яе ў канфлікт, асабліва ўлічваючы дэфіцыт вайскоўцаў у Расеі і нежаданне абвяшчаць новую мабілізацыю. Цалкам залежны Лукашэнка пад пагрозай жыцця можа быць вымушаны адправіць жаўнераў на вайну, што стане трагедыяй для Беларусі і пагрозай для Еўропы.
У выпадку выбыцця, раптоўнага скону або гібелі Лукашэнкі падчас выбарчай кампаніі Крэмль, імаверна, зробіць стаўку на Гайдукевіча. Касаваць выбары не будуць.
Падтрымка Лукашэнкі з боку Крамля ў 2020 годзе стала вялікай бядой і развязанай Пуціным вайной супраць Украіны. Скарыстаўшы аслабленага дыктатара, надзеўшы яму на шыю хамут, Пуцін выкарыстаў тэрыторыю Беларусі без згоды яе грамадзян і ўрада для акта варварскага нападу на Кіеў і Украіну.
Гэтага б не адбылося, калі б у Беларусі быў абраны ўрад, а кіраўніцтва краіны не залежала ад Крамля.