BE RU EN

«Бясплатны» флагшток у Віцебску ацанілі на $440 тысяч

  • 31.10.2024, 14:46

На што ідуць грошы.

У Віцебску на плошчы ля Лядовага палаца змантавалі 69-метровы флагшток. Падчас грамадскіх абмеркаванняў адміністрацыя горада заяўляла, што гораду гэты флагшток нічога не каштавацьме - маўляў, яго ўсталююць за спонсарскія сродкі. Спонсара, праўда, чыноўнікі не называюць.

Аднак арганізацыя самой плошчы вакол флагштока каштавацьме гарадскому бюджэту сур'ёзную суму, падлічыў «Витебский курьер».

На сайце дзяржзакупаў было апублікавана як мінімум сем пазіцый, звязаных з плошчай:

Святлодыёдныя экраны (1125069,43 рублёў);

Інтэрактыўны стэнд (129520,51 рублёў);

Лаўкі (100 404,72 рублёў);

Сметніцы бетонныя (19890 рублёў);

Сметніцы палімербетонныя (19890 рублёў);

Кашпо бетонныя (54 450,66 рублёў);

Шафа кіравання вонкавым асвятленнем (12 600 рублёў).

Усё гэта збіраліся закупляць за бюджэтныя сродкі. Агулам уладкаванне плошчы каштавацьме 1 461 825 рублёў - гэта 440 тысяч даляраў.

Пры гэтым конкурс на некаторыя закупы ўсё яшчэ працягваецца, а заканчэнне будаўніцтва перанесенае на наступны год. Гэта значыць, сума можа стаць яшчэ большай.

Апошнія навіны