Літоўская мытня не выпусціла з краіны 13 аўто, якія везлі ў Расею і Беларусь
- 31.10.2024, 18:49
Легкавушкі прыбылі ў порт Клайпеды.
Літоўская мытня затрымала 13 патрыманых аўтамабіляў, якія везлі ў Беларусь і Расею ў абыход міжнародных санкцый, паведамілі 31 кастрычніка ў прэс-службе ўстановы.
Легкавушкі прыбылі ў порт Клайпеды (Літва) з ЗША. Іх транспартаваннем займалася адна з літоўскіх кампаній. Агульны кошт затрыманага грузу склаў больш за 200 тысячаў еўраў.
Паводле версіі літоўскай мытні, супрацоўнікі фірмы наўмысна падалі лжывыя звесткі пра пакупнікоў і сапраўдных уладальнікаў аўтамабіляў.
«Такім чынам яны спрабавалі ўнікнуць кантролю і экспартаваць патрыманыя аўтамабілі з ЗША ў Расею і Беларусь, парушыўшы тым самым міжнародныя санкцыі і абмежаванні», – паведамілі ва ўстанове.
Паводле факту парушэння міжнародных санкцый і кантрабанды распачатае дасудовае расследаванне. Падазрэнні прад'яўлены двум супрацоўнікам фірмы-перавозніцы.