Раённым лякарням Гомельскай вобласці адмовілі ў акрэдытацыі ў хірургічным профілі
- 31.10.2024, 19:21
Адсутнічаюць кадры.
Міністэрства аховы здароўя адмовіла ў акрэдытацыі ў розных профілях некалькім раённым шпіталям, чатыры з іх – у Гомельскай вобласці, піша «Флагшток».
Выданне атрымала справаздачу Міністэрства аховы здароўя Беларусі за 2023 год і даведалася, што адмову ў акрэдытацыі ў профілі «Хірургія» атрымала Акцябрская цэнтральная раённая лякарня (ЦРЛ), таксама не акрэдытаванымі ў гэтым профілі заставаліся Ельская ЦРЛ, Лоеўская ЦРЛ і Кармянская ЦРЛ.
На сайтах Акцябрскай і Ельскай ЦРЛ у раздзеле «нашы аддзяленні» да гэтага часу няма хірургічных. У Лоеўскай і Кармянскай ЦРЛ хірургічныя аддзяленні значацца ў складзе стацыянараў.
На ўмовах ананімнасці крыніца ў сістэме Міністэрства аховы здароўя патлумачыла выданню, чаму маглі адмовіць у акрэдытацыі. Паводле яе словаў, асноўная прычына закрыцця аддзяленняў – адсутнасць кадраў (і лекараў, і медсясцёр).
Яшчэ адна магчымая прычына, але менш верагодная – гэта адсутнасць матэрыяльнай базы. Напрыклад, няма грошай на рамонт аперацыйных або ўладкаванне новых.