Сабаленка шакавала Свёнтак, паказаўшы ёй нешта ў сваім тэлефоне
- 31.10.2024, 20:48
Беларуска і полька рыхтуюцца да выніковага турніру WTA.
Першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка паказала ў Эр-Рыядзе свой тэлефон польцы Ізе Свёнтэк і нечым яе вельмі рассмяшыла, паведамляе WTA.
Гэтымі днямі восем найлепшых тэнісістак свету сабраліся ў Эр-Рыядзе, сталіцы Саудаўскай Аравіі, на выніковы турнір WTA.
Напярэдадні правялі лёсаванне і размеркавалі гульцоў на два квартэты, з якіх у паўфінал выйдуць дзве тэнісісткі з кожнага. Сабаленка пачне турнір матчам супраць кітаянкі Чжэн Цыньвэнь 2 лістапада.
А пакуль тэнісісткі трэніруюцца, асвойваюцца на новым для іх корце і праводзяць спарынгі. Напрыклад, Сабаленка так праверыла сябе ў сустрэчы з Аленай Рыбакінай.
Перасякаючыся на кортах, гульцы маюць зносіны адна з адной. Фатографы WTA зрабілі некалькі забаўных здымкаў стасункаў Арыны Сабаленкі з другой ракеткай свету Ігай Свёнтэк.
Арына нешта паказала Ізе ў сваім тэлефоне. Полька была ўражаная, засмяялася і закрыла твар рукой.
«Проста дзве найлепшыя гульцы ў свеце смяюцца», – так падпісала здымак у сацсетках WTA.
Магчыма, Сабаленка паказала Свёнтэк відэа, знятае на дзень раней. Арыну запрасілі паўдзельнічаць у адным з дзіцячых спартовых мерапрыемстваў.
Там ёй прапанавалі прадэманстраваць свае футбольныя навыкі і патрапіць мячом у пэўную частку футбольнай брамы.
Сабаленка прамахнулася, трапіўшы ў жанчыну-фатографку, якая здымала за брамай. Арына папрасіла прабачэння, ды і фатографка была без прэтэнзій. Усе пасмяяліся з сітуацыі.