BE RU EN

Еўрапейскія газасховішчы амаль цалкам запоўненыя

  • 31.10.2024, 21:12

Перавысілі ўзровень, неабходны для праходжання зімы.

Газавыя сховішчы Еўрапейскага Звязу запоўненыя на 95 адсоткаў, што перавышае ўстаноўлены дзяржавамі-чальцамі мэтавы паказнік. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі Цім Макфі ў чацвер, 31 кастрычніка.

«Гэта дае нам магчымасць захаваць стабільныя пастаўкі і кошты будучай зімой, а таксама падоўжыць адмову ад імпарту расейскага выкапнёвага паліва», – пракаментавала гэтыя звесткі еўракамісарка ў энэргетыцы Кадры Сімсан.

Звесткі асацыяцыі Gas Infrastructure Europe сведчаць, што на стан 29 кастрычніка запоўненасць еўрапейскіх газасховішчаў склала 95,22%. У іх знаходзіцца больш за 100 млрд кубаметраў газу, што пакрывае прыблізна трэць ад гадавых патрэбаў ЕЗ.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну краіны Еўразвязу дамовіліся, што кожны год да 1 лістапада сховішчы газу ў краінах-чальцах ЕЗ павінны быць запоўненыя на 90 адсоткаў.

Апошнія навіны