Першы пацверджаны выпадак: на Данбасе УСУ спалілі танк РФ з дапамогай Dragon
- 4.10.2024, 7:55
Гэтае новае слова ў вайне.
Яшчэ ў верасні УСУ ўпершыню сталі прымяняць на поле бою беспілотнікі, у баках якіх знаходзіцца тэрмічная сумесь, якая гарыць пры тэмпературы звыш 2700 градусаў. Праз пару тыдняў УС РФ таксама прадэманстравалі свае дроны-драконы ў баях за Вуглядар.
Да нядаўняга часу такія беспілотнікі выкарыстоўвалі супраць бункераў, траншэй і акопаў, дзе была жывая сіла супраціўніка.
Аднак нядаўна такі дрон быў выкарыстаны супраць расейскай бранятэхнікі, інфармуе рэсурс Forbes.
Учора, 3 кастрычніка, байцы 30-й АМБр, якія ўтрымліваюць лінію фронту ў раёне Мінькаўкі, заўважылі на полі бою самотны варожы танк з брыгады "Поўнач-V".
Спачатку УСУ нанеслі ўдар па бронемашыне супрацьтанкавай ракетай, а затым вылецеў дрон-цмок, які і распыліў тэрміт. Танк пачаў гарэць.
«Магчыма, гэта першы задакументаваны выпадак знішчэння робат-цмокам расейскай бранятэхнікі», – пракаментаваў эстонскі аналітык WarTranslated.
Экспэрты заявілі, што на танку пачне гарэць гума на гусеніцах і апорных катках. Таксама можа згарэць ці выйсці з ладу сам рухавік.
Яшчэ могуць узгарэцца боепрыпасы. Аднак эфект будзе значна большы, калі на танку будзе зверху ехаць яшчэ і пяхота.
Выкарыстоўваць дроны-цмокі супраць танкаў можна толькі ў тым выпадку, калі ён не рухаецца. У адваротным выпадку складана будзе развеяць тэрміт падчас руху.