«І таму людзі ў паніцы расхапалі цукар»
- 4.10.2024, 20:32
У адным з раённых цэнтаў Беларусі знік "стратэгічны прадукт".
Пра знікненне цукру ў адным з беларускіх райцэнтраў расказала чытачка сайта Charter97.org:
- Дзеці нас увесь час пераконваюць, каб мы не стваралі запасаў, што дэфіцыту не будзе, а часам могуць і пакпіць з нашых кілаграмаў цукру, мукі, рысу.
Перыядычна мы прыслухоўваемся да іх, але пасля ўсё ж вяртаемся да свайго звыклага ладу жыцця з запасам харчоў. І сённяшняя гісторыя —пацвярджэнне нашай правільнай стратэгіі, піша чытачка Вольга.
Надумала я спячы печыва. Зірк — а ў мяне скончыўся цукар, дакладней, ёсць пару лыжак, але на печыва ўжо не стае.
Ускочыла я ў шлапакі, ды пабегла ў найбліжэйшую краму. Прыйшоўшы, аж рот разявіла ад здзіўлення: цукру няма. – Як няма?– вырваліся ў мяне словы роспачы. Прадавачка ж мне тлумачыць, што ўчора і заўчора людзі цягнулі цукар цэлымі блокамі па 10 кілаграмаў.
Вярнулася я дадому, перамянілася, узяла мужа, і вырушылі мы на пошукі цукру з цвёрдым намерам купіць не менш як 5 кг. Абышоўшы яшчэ 4 крамы, цукру не знайшлі. Людзі цяпер і сказаць баяцца, у чым рэч.
Толькі ў адной краме мне працаўніца неяк няўцямна растлумачыла, што быццам адкрываецца новае прадпрыемства для вырабу цукру, і таму людцы ў паніцы расхапалі “белую смерць”. Я нават перапытала, мо ліквідуецца які цукровы завод, і таму вырабляць будуць менш? Ну калі лагічна разважаць… На гэта прадавачка запярэчыла: маўляў, завод пабудавалі, крэдыты выплачваць трэба, таму яна перакананая, што цукар днямі з’явіцца, але ўжо значна даражэйшы.
У выніку вярнуліся мы дадому з пустымі рукамі. Таму я сёння адвару бульбачкі. Ну і пару дзён правяду на безцукровай дыеце.