Трамп сабраўся на мітынг у горадзе, дзе на яго ўчынілі першы замах
- 4.10.2024, 14:17
Туды ж прыедзе і Ілан Маск.
Экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў новы мітынг у Батлеры, штат Пенсільванія, дзе на яго ўчынілі замах у ліпені. Ён мусіць адбыцца ў суботу, 5 кастрычніка.
Пра гэта ён напісаў у X (былы Twitter).
"Батлер у суботу - ГІСТАРЫЧНА!", - напісаў кандыдат у прэзідэнты ЗША, дадаўшы да паведамлення фатаграфію з надпісам "Я вяртаюся ў Батлер".
Амерыканскі бізнэсовец Ілан Маск напісаў, што "будзе там, каб падтрымаць" Трампа.
13 ліпеня 20-гадовы Томас Мэцью Крукс адкрыў агонь з вінтоўкі на перадвыбарчым мітынгу Дональда Трампа ў горадзе Батлер, штат Пенсільванія. Экс-прэзідэнт атрымаў раненне ў вуха. Стралка ліквідавалі, таксама загінуў адзін з удзельнікаў мітынгу, яшчэ двое былі параненыя.