BE RU EN

Беларускія вязні збіраюць карпусы для расейскіх ракет?

  • 4.10.2024, 14:15

Папраўчая калонія №9 у Горках выконвае замовы для расейскага войска.

Пра гэта праваабаронцам з “Прававой ініцыятывы” расказаў адзін з былых вязняў, які адбываў пакаранне ў гэтай калоніі.

Большасць зняволеных калоніі працуе на дрэваапрацоўцы.

«Многія робяць скрыні для набояў расейскага войска - для ракет ГРАД. Гэтага ніхто нават не хавае. Ёсць вялікая замова, і зняволеных прымушаюць яе рабіць», - кажа былы зняволены.

Паводле ягоных слоў, станкі там часта выходзяць з ладу, што прыводзіла ў тым ліку да смяротных выпадкаў.

Мужчына расказвае, што ў калоніі на мяжы 2023-2024 гадоў зрабілі сакрэтны цэх. Туды на працу не бяруць палітвязняў, бо іх разглядаюць як нядобранадзейных.

«І пра тое, чым там займаюцца, расказваць нікому не дазваляюць. Ва ўсіх - і ў цывільных супрацоўнікаў, і ў зняволеных, якія там працуюць, - падпіскі аб нявыдаванні. А сам цэх абнесены калючым дротам. Але мы ж жывём усе разам, у адных атрадах. І калі знаходзяцца людзі, якім можна давяраць, то вязні, вядома ж, дзеляцца інфармацыяй паміж сабой. Праз нейкі час усе ведалі, чым займаюцца ў засакрэчаным цэху», - кажа экс-вязень.

Паводле ягоных слоў, там збіраюць ракеты для расейскага войска, але без баявога начыння. У Горкі прывозяць каркасы і некаторыя дэталі гэтых ракет. Вязні іх збіраюць, фарбуюць, а потым з тэрыторыі калоніі гэтыя карпусы адпраўляюць туды, дзе ракету нашпігоўваюць начыннем.

На думку экс-вязня, гаворка ідзе ці пра вялікую, ці пра вельмі тэрміновую замову, бо на працу ў гэты цэх зняволеныя ходзяць у дзве змены — з 8:00 раніцы да 1:00 ночы. Адмовіцца ад працы зняволеныя магчымасці не маюць.

«Улічваючы, што ў Горках зняволеных практычна катуюць голадам, людзі там даслоўна выжываюць. Многія проста едуць з глузду. Асабіста я бачыў тамака людзей, якія псіхічна не вытрымліваюць. Таксама бачыў тых, хто проста падобны да хадзячага шкілета. У Горках кормяць проста для таго, каб ты не здох, перасоўваў ногі і мог працаваць на рэжым. І, як высветлілася, не толькі на рэжым Лукашэнкі», - канстатуе мужчына.

Апошнія навіны