BE RU EN

Столтэнберг расказаў, як NATO перасякала «чырвоныя лініі» Пуціна

  • 4.10.2024, 21:13

Ён кажа, што блеф крамлёўскага кіраўніка раскрылі.

Былы генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што выступаў за перасячэнне расейскіх «чырвоных ліній» датычна вайны ва Украіне.

У інтэрв'ю для Financial Times (пераклад – «Уніян») ён сказаў, што ў пачатку поўнамаштабнай вайны былі дні і тыдні, калі ім даводзілася абмяркоўваць і развязваць пытанні датычна гэтых ліній. Паводле словаў Столтэнберга, неабходна было браць да ўвагі небяспеку, аднак спыняць дапамогу Украіне не было варыянтам:

– Калі ўжо на тое пайшло, то я настойваў на тым, каб перасякаць усе гэтыя так званыя чырвоныя лініі, якія выставіў Пуцін. І мы перасеклі многія з іх, а ён нічога не зрабіў. Рэальнасць такая, што калі прэзідэнт Пуцін хоча пайсці на эскалацыю з ужываннем зброі масавага знішчэння, ён можа стварыць усе неабходныя нагоды. Пакуль што мы раскрылі ягоны блеф.

Як вядома, 65-гадовы Енс Столтэнберг займаў пасаду генеральнага сакратара Паўночнаатлантычнага Альянсу з 2014 года. 1 кастрычніка яго змяніў былы прэм'ер Нідэрландаў Марк Рутэ.

Столтэнберг падтрымліваў удзел Украіны ў NATO, а таксама выказваўся за зняцце забароны на ўдары па Расеі заходняй зброяй.

Апошнія навіны