«Гэта я шчаслівая іду прапіваць аліменты на дзіця»
- 5.10.2024, 13:59
Беларуска паказала на відэа, чаму ў краіне праблемы з дэмаграфіяй.
Беларуска ў TikTok паказала, колькі аліментаў даслаў поштай тата яе дзіцяці. Каментары пад ролікам было б карысна пачытаць чыноўнікам, каб зразумець, чаму ў краіне праблемы з дэмаграфіяй.
«Гэта я шчаслівая іду прапіваць аліменты на дзіця са сваімі мужыкамі», – пажартавала адна з карыстальніцаў TikTok. У роліку відаць, што яна трымае ў руках грашовы перавод. Сума «вялікая» – 217 рублёў.
Жанчына спытала ў падпісчыцаў: «А на што вы выдаткоўваеце аліменты паводле версіі былога і ягонай маці?» За тры дні відэа сабрала 608000 праглядаў і некалькі тысячаў каментароў.
Калі б чыноўнікі пачыталі адказы, магчыма, яны зразумелі б, чаму беларускі не імкнуцца нараджаць шмат дзяцей.
«На дваіх плаціць 370 і кажа, што я марную на сваіх мужыкоў і гулянкі. На ягоную думку, я паспяваю ўсюды, а на дзяцей часу няма. Тата, які бачыць дзяцей раз на год», – падзялілася адна каментатарка.
«А я на аліменты дом набыла і рамонт зрабіла, бытавую тэхніку прыдбала (150–200 рублёў, і тое не кожны месяц)», – пажартавала іншая.
«А мой ужо другі год не плаціць, баіцца, напэўна, што я сап'юся і згуляюся на яго аліменты», – таксама з іроніяй напісала яшчэ адна жанчына.
«Я атрымала на дваіх 300. Былы муж усім расказвае, што я на аліменты лётаю на акіян».
«У мяне 330 за апошні месяц на дваіх. Марную, паводле іх словаў, на манікюр, цырульніка і жыву таксама на гэтыя грошы».
Іншыя прыклады былі, але няшмат. Знайшоўся адказны тата: «Сыну 19, былая з'ехала ад мяне, калі яму было паўгода. Заўсёды дапамагаў сыну і прадаўжаю, днямі перавёў яму 400 рублёў, студэнт 2 курсу БДУ ўжо».
«У мяне плаціць ад 500 да 700 на дваіх у залежнасці ад заробку. Праз суд. Пытанняў не было. Дзеці пры жаданні на выходныя застаюцца, і да бабулі (маці былога) ездзяць, і праз тэлефон размаўляюць».
Адна з каментатарак старэйшага веку напісала: «У майго сына адымаюць аліменты ад 500 да 700 беларускіх рублёў (у залежнасці ад заробку), часам бывае і 800. Яшчэ заўсёды набывае дачцэ ўсякія смачнасці, адзенне і іншае. Я мяркую, што так і павінна быць». Гэты каментар сабраў больш за ўсё лайкаў.