У Беларусь прыйшлі першыя замаразкі
- 6.10.2024, 20:06
Сіноптыкі расказалі, якое надвор'е чакаць на наступным тыдні.
У ноч на нядзелю, 6 кастрычніка, у Беларусі зафіксавалі першыя замаразкі ў гэтым восеньскім сезоне. Ці значыць гэта, што ўжо час даставаць з далёкіх паліц ваўняныя швэдры і цёплыя шалікі і калі беларусам чакаць канчатковага «апускання ў глыбокую восень»?
Сайт «Телеграф» паглядзеў, які прагноз далі сіноптыкі на наступны тыдзень, з 7 да 13 кастрычніка.
Першыя адмоўныя тэмпературы зафіксавалі мінулай ноччу ў паветры на вышыні 2 метры на самай паўночнай беларускай метэастанцыі ў Езярышчы Віцебскай вобласці. Там датчыкі зафіксавалі -0,1°С.
Зрэшты, мяркуючы са звестак Белгідрамета, гэта пакуль адзінкавы выпадак і агулам нават начныя тэмпературы працягваюць заставацца ў плюсе, вышэйшым за кліматычную норму. Так, да 6.50 паветра ў Гомельскім Брагіне прагрэлася да +12,6°С.
Максімальная дзённая тэмпература паветра напярэдадні таксама па ўсёй краіне заставалася ў плюсавым дыяпазоне: ад +9,6°С на Гарадзеншчыне да +13°С на Берасцейшчыне і Гомельшчыне.
Аператыўны прагноз сіноптыкаў Белгідрамета сведчыць аб тым, што такое ж надвор'е захаваецца ў першыя дні наступнага тыдня. У панядзелак, 7 кастрычніка, пад уплывам «няўстойлівых паветраных мас паўночнага паходжання» сфармуецца воблачнае надвор'е, з кароткачасовымі дажджамі і ранішнімі туманамі, парывістым ветрам, але плюсавай тэмпературай цягам усяго дня: ад +4.. +10°С уначы да +7 ..+14°С удзень.