У Гомельскай вобласці стварылі музычны адцінак дарогі
- 6.10.2024, 13:55
Для кіроўцаў, якія засынаюць за стырном, гучаць «Песняры».
Музычны эксперыментальны адрэзак з'явіўся на аўтадарозе Бабруйск - Мазыр - мяжа Украіны на ўездзе ў Гомельскую вобласць з боку Бабруйска.
Механізм працы музычнай дарогі просты: калі кіроўца праязджае па адрэзку з нанесенай спецыяльнай разметкай, дзе асаблівымі лініямі ствараецца шумавы эфект, гэта нагадвае мелодыю песні «Беларусь» у выкананні «Песняроў».
Асноўная мэта новаўвядзення - прадухіленне ДТЗ з прычыны засынання за стырном і з'езда ў кювет праз страту кіравання.
Аналагаў такой інавацыі ў Беларусі няма, паведамляе гомельская міліцыя.
Таксама нядаўна стала вядома, што ў Гомелі з'явіўся адзіны ў краіне святлафор, сігнал якога адлюстроўваецца на ўбудаванай у асфальт лініі. Калі на святлафоры чырвоны сігнал, то і на лініі дубляжу будзе такі ж.