Стала вядома, дзе будзе перасадачная станцыя першай і чацвёртай ліній менскага метро
- 6.10.2024, 19:12
Пры перасадцы пасажырам давядзецца прайсці блізу 300 м.
Трэцяя лінія сталічнага метрапалітэна яшчэ будуецца, а праектанты ўжо рыхтуюць планы чацвёртай, колавай, зазначыў Blizko.by.
Горадабудаўнічы праект на сайце "Мінскграда" паказвае на частку тэрыторыі ў межах пр. Дзяржынскага і вул. Уманскай, Чыгуначнай, Сямашкі, дзе плануюць пабудаваць будучую станцыю чацвёртай лініі метро "Праспект Дзяржынскага".
Яна размесціцца на вул. Уманскай насупраць дома па вул. Чыгуначнай, 136. Тут будзе перасадка са станцыі першай лініі "Міхалова".
З наземных чарцяжоў відаць, што адлегласць паміж уваходамі на станцыі "Праспект Дзяржынскага" і "Міхалова" блізу 250 м. Хутчэй за ўсё, пераход паміж станцыямі складзе як мінімум столькі ж ці нават больш - да 300 м, пішуць на беларускім транспартным форуме.
Для параўнання, адлегласць паміж цэнтрамі станцый «Плошча Леніна» і «Вакзальная» складае 350 м. І тут устаноўлены травалатары ў кожным кірунку.
Пакуль чацвёртая лінія сталічнай падземкі яшчэ ў планах, менчукі чакаюць увядзення станцый трэцяй галінкі. Нагадаем, "Аэрадромную", "Немаршанскі Сад" і "Слуцкі Гасцінец" улады абяцалі здаць яшчэ ў 2024 годзе.
Яны ўваходзяць у склад трэцяй лініі сталічнага метро – Зеленалужскай лініі. На схеме метрапалітэна яна абазначана зялёным колерам. Цяпер на галінцы функцыянуюць чатыры станцыі: "Кавальская Слабада", "Вакзальная", "Плошча Францішка Багушэвіча" і "Юбілейная плошча".
Плануецца, што Зеленалужская лінія будзе налічваць 14 станцый, а агульная яе працягласць складзе блізу 16 км.
Цяпер рыхтуецца тэрыторыя пад працяг лініі ў бок Зялёнага Луга - для станцый метро "Прафсаюзная", "Пярэспа", "Камароўская" і "Парк Дружбы народаў".