Расея ўпершыню амаль за 100 гадоў можа застацца без амбасадара ў ЗША
- 7.10.2024, 18:28
У Маскву вярнуўся Анатоль Антонаў, які займаў пасаду пасла ў Вашынгтоне з 2017 года.
Расея ўпершыню з 1930-х гадоў можа надоўга застацца без паўнавартаснага кіраўніка дыпмісіі ў ЗША.
У нядзелю, 6 кастрычніка, у Маскву вярнуўся Анатоль Антонаў, які займаў пасаду пасла ў Вашынгтоне з 2017 года. А прызначаць новага амбасадара Крэмль хутка не плануе, паведамляюць «Ведомости» са спасылкай на крыніцы сярод расейскіх чыноўнікаў і ў Дзяржаўнай Думе.
Антонаў, які раней узначальваў у МЗС дэпартамент кантролю над раззбраеннем, у мінулым экс-намеснік міністра абароны, незадоўга да свайго ад'езду паведамляў аб пагрозах уласнай расправы, якія нібыта паступалі яму асабіста і іншым расейскім дыпламатам. Указ прэзідэнта ў сувязі з ад'ездам Антонава з'явіцца ў найбліжэйшыя дні, паведаміла ў панядзелак афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава.
Спяшацца з заменай Антонава ўлады не бачаць сэнсу. «Цяпер з расейскім паслом ніхто з афіцыйных асоб (у ЗША) усё адно не мае стасункаў, таму па вялікім рахунку не важна, хто стане новым прадстаўніком у Вашынгтоне», – тлумачыць адзін з суразмоўцаў «Ведомостей».
Апошні раз без амбасадара ў ЗША Масква жыла ў канцы 1930-х гадоў, калі пасля прызнання СССР Вашынгтонам пасольства ўзначальвалі дыпламаты ў статусе «часовага паверанага або паўнамоцнага прадстаўніка». У 1941 годзе першым савецкім паслом у ЗША стаў Канстанцін Уманскі. Даўжэй за ўсіх у гэтай ролі - з 1962 да 1986 года - затрымаўся Анатоль Дабрынін.
Імаверна, працяг працы ў ЗША намесніка амбасадара, калі Масква на нейкі час захоча прадэманстраваць сваю незадаволенасць прымаючым бокам, мяркуе навуковы кіраўнік Расейскага савета ў міжнародных справах Андрэй Картуноў. Іншы варыянт - гэта прызначэнне амбасадара ў ЗША не з характэрнай для савецкай традыцыі пазіцыі намесніка міністра, а з пазіцыі кіраўніка таго ці іншага дэпартамента МЗС, як гэта адбылося, напрыклад, пры прызначэнні амбасадарам у Вялікай Брытаніі Андрэя Келіна ў 2019 годзе.
«Зусім не выключана, што ў той ці іншай форме ўзровень расейскага прадстаўніцтва ў Вашынгтоне будзе паніжаны», – дапускае Картуноў.
Пра тое, што Расея разглядае магчымасць паніжэння статусу дыпламатычных стасункаў з ЗША, у красавіку гаварыў намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў. А ў чэрвені пагрозу паўтарыў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.
Са слоў Рабкова, адмовіцца ад амбасады ў ЗША Масква магла б у адказ на канфіскацыю замарожаных Вашынгтонам золатавалютных рэзерваў, а са слоў Пяскова - праз больш глыбокае ўцягванне ЗША і іх хаўруснікаў у вайну ва Украіне.