Кошт нафты Brent перавысіў $80 за барэль
- 7.10.2024, 18:37
Упершыню з канца жніўня.
Кошт снежаньскіх ф'ючэрсаў на нафту Brent на лонданскай біржы ICE вырас на 2,75% і ўзняўся да $80,17 за барэль на 18:21 паводле Менску. Нафта Brent таргуецца вышэй за адзнаку $80 за барэль упершыню з 27 жніўня 2024 года.
Кошты нафты растуць на фоне ваеннай аперацыі Ізраіля ў Лібане, а таксама атакі Ірана на Ізраіль. На мінулым тыдні на рынку назіраўся самы вялікі тыднёвы скачок коштаў з пачатку 2023 года, выкліканы асцярогамі з нагоды больш маштабнага канфлікту на Блізкім Усходзе і патэнцыйных перабояў у экспарце з асноўнага нафтаздабываючага рэгіёна. Дарэчы, у чацвер, 3 кастрычніка, нафтавыя каціроўкі падскочылі прыкладна на 5% пасля навіны аб тым, што Ізраіль можа ўдарыць па нафтавых аб'ектах Ірана. За тыдзень нафтавыя каціроўкі дадалі блізу 8%.
На думку кіраўніка падраздзялення па стратэгіі таварных рынкаў ING Уорэна Патэрсана, удар па іранскай нафтавай інфраструктуры значна паўплывае на рынак не толькі праз неадкладнае спыненне паставак з Ірана, але і праз тое, што гэты сцэнар рызыкуе перарасці ў нешта больш экстрэмальнае, што можа патэнцыйна прывесці да збояў у пастаўках нафты і ЗПГ з Персідскай затокі праз Армузскую пратоку.
Goldman Sachs Group прагназуюць, што кошт Brent можа вырасці да $90 за барэль, калі пастаўкі нафты з Ірана будуць парушаныя. У банку SEB мяркуюць, што кошты нафты могуць вырасці яшчэ больш істотна, калі канфлікт на Блізкім Усходзе знішчыць энэргетычную інфраструктуру Ірана. Са слоў галоўнага эксперта сыравінных тавараў банка SEB Б'ярне Шылдропа, кошты нафты могуць перавысіць $200 за барэль, калі нафтавыя аб'екты Ірана будуць разбураныя.