BE RU EN

Лукашэнка даручыў збіваць беспілотнікі «фізічнай сілай»

  • 7.10.2024, 20:01

Дыктатар падпісаў указ.

Дыктатар Аляксандр Лукашэнка 7 кастрычніка падпісаў указ «Аб спыненні палётаў авіямадэляў і беспілотных лётных апаратаў», які дазваляе ўжываць фізічную сілу і спецсродкі ў дачыненні да беспілотных апаратаў, паведамляе прэс-служба ўзурпатара.

Дакумент прыняты ў мэтах нарматыўнага замацавання права на ўжыванне фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі не толькі датычна авіямадэляў і БПЛА, але і беспілотных паветраных караблёў, беспілотных транспартных сродкаў, уключаючы падводныя і надводныя судны, наземныя апараты і комплексы, кіраванне якімі ажыццяўляецца дыстанцыйным спосабам ці ў аўтаматычным рэжыме.

У адпаведнасці з указам правам на ўжыванне (выкарыстанне) зброі і спецыяльных сродкаў датычна беспілотных апаратаў разам з вайскоўцамі (супрацоўнікамі) воінскіх фармаванняў і органаў унутраных справаў надзеленыя таксама супрацоўнікі (работнікі, службовыя асобы) іншых ваенізаваных арганізацый.

Пад такімі арганізацыямі маюцца на ўвазе органы пракуратуры, Следчы камітэт, Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў, органы фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Лукашэнку, органы і падраздзяленні ў надзвычайных сітуацыях, мытныя органы.

У паветраную прастору Беларусі ўжо некалькі разоў заляталі расейскія «Шахеды». На перахоп некаторых таксама паднімалі баявыя самалёты. 5 верасня як мінімум адзін беспілотнік быў збіты над Гомелем.

Раней Лукашэнка таксама заяўляў пра падобныя інцыдэнты, якія адбыліся сярод іншага 9 жніўня. Паводле ягоных словаў, тады сілы СПА былі прыведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасць і знішчылі некалькі цэляў. Узурпатар заяўляў, што прыляцелі яны з Украіны. Аднак доказаў таго, што беспілотнікі былі менавіта ўкраінскімі, ні Лукашэнку, ні Мінабароны тады не падалі.

Апошнія навіны