18 гадоў таму ў Маскве была забітая журналістка Ганна Паліткоўская
- 7.10.2024, 21:51
Заказчык забойства не быў вызначаны.
7 кастрычніка 2024 года споўнілася 18 гадоў з дня забойства журналісткі «Новой газеты» Ганны Паліткоўскай. У гэты дзень у 2006 годзе яна была застрэленая ў пад'ездзе яе дома на Лясной вуліцы ў Маскве.
Ганна Паліткоўская неаднаразова выязджала ў раёны баявых дзеянняў, многія рэпартажы журналісткі былі прысвечаныя парушэнням правоў чалавека ў Чачні. Паліткоўская адкрыта крытыкавала дзейную ўладу і асабіста прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, а таксама ўлады Чачні.
З заявай у сувязі з 18-й гадавінай забойства журналісткі выступілі пяць амбасадаў краінаў – чальцоў Кааліцыі за свабоду СМІ. Гэта ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Аўстралія і Новая Зеландыя.
«Мы памятаем Паліткоўскую за яе адважную журналісцкую дзейнасць перад абліччам неаднаразовых запалохванняў і гвалту і заклікаем Расею выконваць свае абавязальніцтвы ў (выкананні) міжнароднага заканадаўства ў сферы правоў чалавека, уключаючы права на свабоду выказвання меркаванняў», – гаворыцца ў заяве.
Міжнародныя арганізацыі і шэраг дзяржаваў заклікалі да правядзення паўнацэннага расследавання забойства, паколькі расейскае расследаванне не вызначыла галоўнага – заказчыка або заказчыкаў злачынства, адзначае «Голас Амерыкі».
Масавыя акцыі ў многіх рэгіёнах Расеі цяпер дэ-факта знаходзяцца пад забаронай. У шэрагу гарадоў памяць Паліткоўскай ушанавалі, прынёсшы яе фатаграфіі і кветкі да помнікаў ахвяраў рэпрэсій, у Маскве – да дома, дзе яе забілі.
У чэрвені 2014 года Масгарсуд асудзіў да пажыццёвага пазбаўлення волі нараджэнцаў Чачні Рустама Махмудава і Лом-Алі Гайтукаева, прызнаных прысяжнымі выканаўцам і арганізатарам забойства Паліткоўскай. Гайтукаеў пасля памёр у калоніі. Былы міліцыянт Сяргей Хаджыкурбанаў быў прызнаны пасярэднікам у злачынстве і атрымаў 20 гадоў калоніі. У 2023 годзе стала вядома, што ён быў вызвалены з калоніі, заключыўшы кантракт і выправіўшыся на вайну ва Украіну. Браты меркаванага выканаўцы забойства Ібрагім і Джабраіл Махмудавы – яны сачылі за Паліткоўскай – асуджаныя да 12 і 14 гадоў адпаведна.
Аднак калегі і родныя Паліткоўскай мяркуюць, што справа фактычна не была раскрытая – матывы злачынцаў незразумелыя, а хто з'яўляўся заказчыкам, не вызначана.