«Прасцей патрапіць у пекла»: чаму расейцы часта ўчыняюць самагубствы на фронце
- 8.10.2024, 9:16
Растлумачыў камбат 92-й брыгады УСУ.
У Харкаўскай вобласці расейскія войскі спрабуюць назапасіць амаль 45-тысячную групоўку. Пра гэта «24 каналу» распавёў камандзір батальёна ўдарных БПАК «Ахілес» 92 АШБр Юрый Федарэнка.
Юрый Федарэнка аб сітуацыі ў Харкаўскай вобласці (глядзець з 8 хвіліны)
Ён заявіў, што побач з Ліпцамі таксама заўважылі падраздзяленні «кадыраўцаў». Іх нячаста выкарыстоўваюць у расейскім войску для выканання ўдарна-штурмавых задач.
Так, паводле слоў Федарэнкі, «кадыраўцы» могуць браць удзел у дыверсійна-выведвальных дзеяннях. Сярод іх таксама ёсць падрыхтаваныя байцы. Таксама яны займаюцца выведкай з дапамогай БПЛА.
Аднак, як заявіў вайсковец, большасць «кадыраўцаў» складаюць так званыя «войскі прымусу». Яны з'яўляюцца там, дзе ў расейцаў узнікаюць праблемы з дысцыплінай, скончыўся ўдарна-штурмавы патэнцыял, а таму ў шыхт ставяцца ўсе, каго можна ўзяць, каб не змяншаць тэмпы наступу.
Вайсковец заявіў, што ў «кадыраўцаў» ёсць санкцыя на ўчыненне прымусу ў расейскіх войсках і ПВК.
«На дэманстрацыйнае збіццё, фізічнае пакаранне і нават смерць», - падкрэсліў Федарэнка.
Ён зазначыў, што расейцы рэдка здаюцца ў палон. Рэч у тым, што сярод іх праводзіцца агітацыйная кампанія. Ім расказваюць пра тое, што ўкраінцы нібыта будуць з іх здзекавацца. Аднак ёсць яшчэ адна прычына - яны баяцца вяртацца да сваіх.
«Нават пасля таго, як акупанты атрымаюць лёгкія раненні на полі бою, вельмі рэдка яны вяртаюцца да сваіх. Часам супраціўнік выбірае пусціць сабе кулю ў лоб, таму што так прасцей патрапіць у пекла, чым вярнуцца да «кадыроўцаў», якія іх заб'юць», - растлумачыў камандзір батальёна.