BE RU EN

Расейцы пачалі масавую эвакуацыю з Феадосіі

  • 8.10.2024, 12:31

«Аксамітны» сезон у Крыме.

У Крыме пакуль не змаглі патушыць нафтабазу ў Феадосіі, якая загарэлася 7 кастрычніка ў выніку атакі беспілотніка. Прызначаны Расеяй "мэр" горада Ігар Ткачэнка заявіў, што "работы для ліквідацыі пажару працягваюцца", а "для гарантавання бяспекі людзей, якія пражываюць недалёка ад месца НС - у раёнах Чарнаморскай набярэжнай і Блізкі Чарот, была праведзеная эвакуацыя". У пункты часовага размяшчэння - гатэлі і пансіянаты - адправілі 1047 чалавек. Ткачэнка дадаў, што эвакуаваных агледзелі медыкі.

Украінскія беспілотнікі атакавалі нафтабазу ў Феадосіі ў ноч на 7 кастрычніка. Пад удар трапіў Марскі нафтавы тэрмінал - найбуйнейшы ў Крыме ў аб'ёмах пераладавання нафтапрадуктаў. Пачаўся моцны пажар. Мяркуючы з усяго, беспілотнікі знішчылі аб'екты ў некалькіх месцах, паколькі ў сацсетках з'явіліся фатаграфіі з трыма слупамі густога чорнага дыму. Гарадскія ўлады ўвялі рэжым тэхнагеннай надзвычайнай сітуацыі муніцыпальнага характару, абмежаваўшы доступ людзей і транспарту ў зону трапляння. Аб пацярпелых не паведамлялася.

Генштаб Узброеных сіл Украіны (УСУ) пацвердзіў удар па нафтабазе, адзначыўшы, што яна выкарыстоўваецца ў тым ліку “для забеспячэння патрэб акупацыйнага войска РФ”. У ведамстве ўдакладнілі, што атаку правялі падраздзяленні ракетных войскаў у супрацоўніцтве з іншымі сіламі абароны. "Мерапрыемствы падрыву ваенна-эканамічнага патэнцыялу Расейскай Федэрацыі працягваюцца", - падкрэслілі ў Генштабе.

У сваю чаргу, кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры Радзе нацбяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка заявіў, што ў Феадосіі "трапілі не проста па нафтабазе, а па нафтаналіўным порце".

Характэрна, што на тэрыторыі порта, дзе размяшчаецца тэрмінал, была разгорнутая сістэма СПА "Панцыр С1". Гэта высветлілі журналісты "Радыё Свабода", прааналізаваўшы спадарожнікавыя здымкі. Аднак устаноўка не змагла адбіць атаку ўкраінскіх дронаў.

У панядзелак увечары на нафтабазе загарэлася яшчэ адна цыстэрна, пісаў тэлеграм-канал “Крымскі вецер” са спасылкай на мясцовых жыхароў. Да гэтага паблік паведамляў аб двух знішчаных і трох пашкоджаных цыстэрнах.

Апошнія навіны