У Менску за самую дарагую кватэру ў верасні аддалі 380 тысяч даляраў
- 8.10.2024, 12:55
Кватэра размешчаная ў скандальнай элітцы на вуліцы Кісялёва.
Самая дарагая кватэра, прададзеная ў верасні ў Менску, абышлася пакупніку на 380 тысяч даляраў, піша Realt.
Кватэра размешчаная ў скандальнай элітцы на вуліцы Кісялёва, 17. Будаўніцтва дома "Поры года" пачалося яшчэ ў 2004 годзе, а праз некалькі гадоў будоўлю замарозілі. У выніку, толькі праз 13 гадоў дом увялі ў эксплуатацыю з дапамогай горада.
Тут абяцалі вялікія кватэры ад 170 да 600 квадратных метраў, а ўсяго іх планавалася 48 на 4 пад'езды. Пры гэтым у першыя гады будаўніцтва кватэры прадаваліся па 2500—3500 даляраў за метр, а пазней выстаўляліся на аўкцыёнах арыштаванай маёмасці па 1100—1300 даляраў.
Набытая тут кватэра ў верасні была без унутранага аздаблення і са свабоднай планіроўкай, а агульная плошча склала 305 квадратных метраў. Абышлася яна пакупніку на 380 тысяч даляраў, што эквівалентна 1 247 далярам за квадратны метр.