СМІ: УСУ ўдарылі па нафтаным тэрмінале ў Феадосіі ракетамі ATACMS
- 8.10.2024, 16:26
Іх было дзве.
Сілы абароны Украіны атакавалі нафтавы тэрмінал у порце часова акупаванай Феадосіі з ужываннем ракет ATACMS. Аб гэтым паведамляе выданне ASTRA са спасылкай на ўласныя ананімныя крыніцы.
Паводле інфармацыі крыніц ASTRA, начная атака на нафтабазу «Марскі нафтавы тэрмінал» у Феадосіі, якая адбылася 7 кастрычніка, была ажыццёўленая дзвюма ракетамі ATACMS.
«У выніку былі пашкоджаныя дзве цыстэрны - адна напаўняльнасцю 10 тысяч кубаметраў, другая - 5 тысяч. Адбыўся разліў паліва, які прывёў да пажару», - гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, крыніцы адзначаюць, што ў выніку ракетнага ўдару быў пашкоджаны наліўны трубаправод для дызельнага паліва.
У Феадосіі ўведзены рэжым тэхнагеннай надзвычайнай сітуацыі муніцыпальнага характару, а 1047 чалавек былі эвакуяваныя ў часовыя пункты размяшчэння. Паведамленняў аб пацярпелых не паступала.
Варта заўважыць, што АТ «Марскі нафтавы тэрмінал» з'яўляецца найбуйнейшым перавалачным пунктам нафтапрадуктаў у Крыме, і пажар на аб'екце дагэтуль не ўдалося ліквідаваць.