BE RU EN

Bloomberg: Клан Берлусконі пастанавіў вярнуцца да кіравання Італіяй

  • 8.10.2024, 18:14

Яго дзеці пачынаюць праяўляць палітычныя амбіцыі.

Двое старэйшых дзяцей былога італійскага прэм'ер-міністра Сільвіё Берлусконі, Марына і П'ер Сільвіё, абмяркоўваюць свае палітычныя амбіцыі з дарадцамі і партнёрамі, піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Цікавасць да палітыкі яны пачалі актыўна праяўляць па меры нарастання супярэчнасцей унутры кіроўнай кааліцыі пад кіраўніцтвам прэм'ера Георгі Мелоні. Сям'я Берлусконі з ліпеня рэгулярна кансультуецца з дзейным міністрам замежных спраў Антонія Таяні і Джані Лэтам, былым сакратаром урада краіны за Берлусконі, якога некалі ўважалі за шэрага кардынала Італіі.

Дзеці палітыка дзеляцца сваімі поглядамі на эканоміку, сваю бізнэс-імперыю і перспектывы палітычнай партыі Forza Italia («Наперад, Італія»), якую ўзначальваў іх бацька. На звесткі агенцтва, яны абмяркоўваюць амаладжэнне шэрагаў партыі і абмяркоўваюць, як кінуць выклік старэйшаму партнёру па кааліцыі - партыі Молані «Браты Італіі».

Дзеці Берлусконі таксама спрабуюць уплываць на палітыку ўрада: яны папрасілі не дапусціць у далейшым правалаў, падобных да леташняй спробы ўвесці новыя зборы з банкаўскага прыбытку.

«Берлусконі рыхтуюцца. Калі Мелоні апынецца ў крызісе і з'явіцца вакуум улады, мы нават убачым, як нехта з іх выходзіць на бой», — чакае загадчык кафедры палітыкі ўніверсітэта LUISS у Рыме Джавані Арсіна.

Мелоні ўзначальвае ўрад Італіі з 22 кастрычніка 2022 года. За два гады кіравання краінай яна ўзмацніла свае пазіцыі, але таксама сутыкнулася з некалькімі выклікамі: складанымі дачыненнямі са спецслужбамі і сяброўскай да Расеі хаўрусніцай па кааліцыі партыі «Ліга». Прыкметным стаў яе канфлікт з кіраўніцтвам Еўразвяза праз бюджэтную палітыку, а на гэтым тыдні Шl Fatto Quotidiano апублікавала гнеўную перапіску Мелоні з аднапартыйцамі ў анлайн-чаце.

Як адзначае Bloomberg, загадкай для аналітыкаў было тое, наколькі дзеці Берлусконі гатовыя адысці ад кіравання бізнэс-імперыяй дзеля палітыкі. Марына кіруе сямейным холдынгам Fininvest, а П'ер Сільвіё кіруе медыякангламератам MFE-MediaForEurope NV, перш вядомым як Mediaset.

Берлусконі блізу дзесяці гадоў таму прасіў П'ера Сільвіё пачаць палітычную кар'еру, сёлета сын палітыка прызнаў, што ўсё яшчэ думае над гэтым, але пакуль прысвячае сябе вяшчальнай кампаніі.

Апошнія навіны