Microsoft выявіла баг пры захаванні дакументаў у Word
- 8.10.2024, 20:13
Word выдаляе дакументы замест іх захавання.
Карпарацыя Microsoft папярэдзіла карыстальнікаў пра новую памылку, праз якую Word выдаляе дакументы замест іх захавання. Публікацыя з’явілася на афіцыйным сайце кампаніі.
«Карыстальнікі могуць сутыкнуцца з праблемай у версіі [праграмы] 2409, калі іх файл выдаляецца пасля захавання, калі загаловак змяшчае пашырэнне файла (.docx, .rtf) або #», – адзначылі ў Microsoft.
Праблема ўзнікае, калі карыстальнікі захоўваюць дакумент пасля таго, як ціснуць кнопку выхаду з праграмы. У карпарацыі запэўнілі, што ўжо развязваюць праблему. Пакуль Microsoft прапанавала часовае выйсце: трэба аднавіць выдалены файл з кошыка і захаваць змены ўручную перад закрыццём.
Раніцай 19 ліпеня ў працы праграмаў Microsoft адбыўся глабальны збой. Чыннікам непаладак стала абнаўленне антывіруснай праграмы кампаніі Crowdstrike. Праз збой пачаліся праблемы ў працы авіякампаній, аэрапортаў, банкаў, СМІ і медыцынскіх сістэмаў.