ЦАХАЛ знішчыў тунэль «Хезбалы», які вёў з Лівана на тэрыторыю Ізраіля
- 8.10.2024, 20:15
Ізраільскія салдаты знайшлі ўнутры зброю, уключаючы выбухоўку і супрацьтанкавыя ракеты.
Войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) знішчыла тунэль, які выкапалі баевікі «Хезбалы». Ён перасякаў мяжу Лівана з Ізраілем.
Пра гэта сказана ў заяве Цахала, паведамляе The Times of Israel.
Як адзначаюць ізраільскія вайскоўцы, тунэль не меў выхаду на тэрыторыі Ізраіля. Ён быў пабудаваны недалёка ад ліванскай вёскі Марвахін, размешчанай проста насупраць ізраільскай супольнасці Зарыт.
У ЦАХАЛ сцвярджаюць, што тунэль пачалі будаваць блізу двух гадоў таму, і ён быў хутка знойдзены вайскоўцамі Ізраіля. За яго ўзвядзеннем пачалі назіраць.
Потым тунэль быў знойдзены салдатамі падчас рэйдаў на поўдні Лівана некалькі месяцаў таму.
Салдаты Цахала абшукалі тунэль і знайшлі ўнутры зброю, уключаючы выбухоўку і супрацьтанкавыя ракеты. Яго знішчылі.