Экс-кіраўнік МЗС Брытаніі перамагае ў барацьбе за пасаду лідара кансерватараў
- 8.10.2024, 21:01
Засталіся толькі тры прэтэндэнты.
Былы міністр замежных, а да таго – унутраных справаў Вялікай Брытаніі Джэймс Клеверлі вырваўся наперад у барацьбе за пасаду новага лідара Кансерватыўнай партыі, дзе засталіся толькі тры прэтэндэнты.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Пасля чарговага раўнду галасавання ў аўторак, 8 кастрычніка, Клеверлі атрымаў найбольшую колькасць галасоў дэпутатаў-кансерватараў, якія ўдзельнічаюць у абранні лідара – 39 з 121.
Былы малодшы міністр у пытаннях іміграцыі Брытаніі Роберт Джэнрык, які да гэтага часу ўважаўся за фаварыта, атрымаў 31 голас, экс-міністарка бізнэсу Кемі Бадэнах – 30 галасоў.
Затое былы малодшы міністр у пытаннях бяспекі Том Тагендхат атрымаў толькі 20 галасоў і выбыў са спаборніцтва.
Усплёск падтрымкі Джэймса Клеверлі – найбольш памяркоўнага з трох астатніх прэтэндэнтаў на пасаду лідара кансерватараў Брытаніі – сведчыць, што значная частка партыі выступае за цэнтрысцкія пазіцыі, піша Bloomberg.
Да прыкладу, Джэнрык раней паабяцаў, што выведзе Брытанію з Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека, а таксама гаварыў, што назваў сваю дачку ў гонар Маргарэт Тэтчэр. А Бадэнах нядаўна раскрытыкавала дэкрэтныя выплаты, пражытачны мінімум і дзяржаўных службоўцаў.
Ужо ў сераду, 9 кастрычніка, кансерватары вызначацца з двума прэтэндэнтамі на пасаду лідара партыі. Далей за іх будуць галасаваць усе партыйцы, а вынікі гэтага галасавання павінны быць абвешчаныя 2 лістапада.
Нагадаем, Рышы Сунак быў лідарам Кансерватыўнай партыі і прэм'ер-міністрам з кастрычніка 2022 года, але сышоў у адстаўку ў пачатку ліпеня пасля ініцыяваных ім жа датэрміновых парламенцкіх выбараў.
Паводле іх вынікаў кансерватары пацярпелі разгромную паразу, а апазіцыйная Лейбарысцкая партыя атрымала найлепшы за два дзесяцігоддзі вынік і сфармавала аднапартыйны ўрад.