BE RU EN

Пустыню Сахару затапіла

  • 9.10.2024, 16:47

Такога вы яшчэ не бачылі.

Пустыню Сахару затапіла пасля рэдкай для гэтых месцаў залевы. Як піша Associated Press, у некаторых раёнах за два дні выпала больш за гадавую норму ападкаў. У выніку паводкі загінулі сама меней 20 чалавек.

У Галоўнай управе метэаралогіі Марока паведамілі, што такой колькасці ападкаў за такі кароткі перыяд часу не выпадала ўжо 30-50 гадоў. Гэтую з'яву надвор'я спецыялісты называюць пазатрапічным штормам. Такія штормы здольныя змяніць клімат у рэгіёне на наступныя некалькі месяцаў ці нават гадоў, адзначыў прадстаўнік ведамства Хусін Юабеба. Ён растлумачыў, што прынесеная штормам вільгаць, выпарыўшыся, выкліча новыя ліўні.

Як піша AP, паводка стала новай праблемай для мясцовых фермераў, якія да гэтага цягам шасці гадоў пакутавалі ад засухі. Яна прымусіла фермераў пакідаць палі незасеянымі, а ўлады - уводзіць ліміты на спажыванне вады.

ФОТА: AP
ФОТА: AP

Спецыялісты гавораць, што такія магутныя ападкі павінны дапамагчы аднавіць узровень грунтавых вод, які значна ўпаў за час засухі. Гэта стала сур'ёзнай праблемай для мясцовага насельніцтва, чыё водазабеспячэнне шмат у чым залежыць ад падземных крыніц.

Пасля паводкі ў сетцы распаўсюдзілася мноства кадраў з вадой, якая стаяла ў пясках, а навукоўцы НАСА паведамілі, што, мяркуючы па спадарожнікавых здымках, плыні вады напоўняць знакамітае возера Ірыкі на паўднёвым усходзе Марока, якое высахла 50 гадоў таму.

ФОТА: AP
ФОТА: AP
ФОТА: AP

Апошнія навіны