BE RU EN

Павел Валатовіч: Не бывае дрэннай гісторыі, бываюць дрэнныя кнігі ці выкладчыкі

  • 9.10.2024, 20:39

Беларус, якi жыве ў ЗША, напiсаў кнiгу пра найнавейшую гісторыю Беларусi.

У Варшаве можна набыць кнігі беларускага аўтара Паўла Валатовіча, які ўжо 22 гады са сваіх 38 жыве ў Амерыцы. З прэзентацыяй сваёй апошняй кнігі «#IMBY» ён прыехаў у Варшаву.

З сённяшнім госцем Беларускага «Радыё Рацыя» Паўлам Валатовічам мы пагаворым пра яго кнігу «#IMBY» і пра іншыя, напісаныя раней, крышачку зазірнём і ў прыватнае жыццё маладога пісьменніка:

— Кніга «#IMBY» пра найнавейшую гісторыю перыяду 1991-2005 гадоў. Матэрыял пра асабістыя ўспаміны ў нейкай ступені нагадвае дакументалістыку. Чаму Вы выкарысталі менавіта такі метад гістарычнага апавядання?

— Я выкарыстаў як прыклад майго ўлюбёнага публіцыста Леаніда Парфёнава і яго перадачу «Намедни», якой неўзабаве будзе 30 гадоў. Я вельмі люблю як здымае Парфёнаў, як ён расказвае пра гісторыю СССР, Расейскай Імперыі, як выглядаюць яго кнігі. І шмат гадоў я думаў, чаму не зрабіць у нас нешта такое? Не ўзяць акадэмічнае выкладанне гісторыі як у ўніверсітэтах, вялікіх таўсценных падручніках, а такое, якое было бы цікава чытаць нават тым людзям якія кажуць, што гісторыя была іх самым нелюбімым прадметам у школе. Шмат такіх людзей.

— Я як гісторык па адукацыі, я заўсёды задаваўся пытаннем: чаму людзі кажуць, што яны не любяць гісторыю. Я знайшоў адказ: не бывае дрэннай гісторыі, бываюць ці дрэнныя нецікавыя кнігі, якія нецікава чытаць, або бываюць педагогі ці выкладчыкі ўніверсітэтаў, якія не так даюць прадмет, каб ты яго палюбіў. Я вырашыў, што лепей падаваць у такой несур’ёзнай форме нашу гісторыю. Праз можа не самую акадэмічную яе частку, праз налепкі на слупах, праз нейкія рок-альбомы, праз нейкія спартовыя мерапрыемствы, але так, каб гэта было цікава чытаць усім людзям. Няважна: гісторык ты, не гісторык, любіш гісторыю ці не, каб гэта было цікава ўсім.

— Якое месца ў кнізе вы лічыце моцным, а якое не вельмі?

— Я так не ведаю, насамрэч. Я выбраў гэтыя з’явы, якія ёсць у гэтай кнізе на свой персанальны густ. Можа нехта не згадзіцца, скажа: чаму ты гэта выбраў, чаму ты гэта не выбраў? Гэта мой асабісты выбар. Я даволі такі нядрэнна разбіраюся ў беларускай рок-музыцы 1990-ых, даволі такі нядрэнна разбіраюся ў беларускім спорце 1990-ых. Палітыка на той час, я хадзіў у школу. А кожны школьнік у Беларусі 1990-ых, ён прабачце таксама быў такі сабе палітолаг, бо мы ўсе хадзілі на мітынгі, хадзілі на ўправу БНФ, чыталі гэтыя самвыдатаўскія газеты. То бок мы сябе ў 15 год лічылі вялікімі палітолагамі. Я гэта пішу са сваёй званіцы насамрэч. Можа нехта не згодзіцца, можа нехта скажа – гэта не тое, што я хацеў бы тут убачыць Ну, прабачце...

Апошнія навіны