Лаўроў напрошваецца на канфлікт з Турцыяй
- 1.11.2024, 10:52
Кіраўнік МЗС РФ выставіў прэтэнзіі да Анкары.
Нягледзячы на заявы аб гатоўнасці дапамагчы ўрэгуляваць вайсковы канфлікт ва Украіне, Турцыя працягвае пастаўляць Кіеву зброю, што выклікае здзіўленне ў расейскіх уладаў, заявіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.
«На жаль, Анкара працягвае супрацоўніцтва з кіеўскім рэжымам у вайскова-тэхнічнай сферы. Турэцкая зброя выкарыстоўваецца УСУ для забойства расейскіх вайскоўцаў і мірных грамадзян», - сказаў Лаўроў у інтэрв'ю турэцкай газеце Hurriyet. Пры гэтым ён зазначыў, што Расія «высока цэніць намаганні Турцыі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу». Лаўроў нагадаў аб перамовах у Стамбуле вясной 2022 года і пагадненні аб вывазе збожжа з Украіны, якое было ўкладзенае дзякуючы турэцкай старане.
Аднак кіраўнік расейскага МЗС засумняваўся, што пасрэдніцкія намаганні Турцыі ў дасягненні міру ва Украіне «маюць поспех», паколькі ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб забароне на перамовы з Уладзімірам Пуціным, а Захад працягвае дапамагаць Кіеву. У той жа час Лаўроў запэўніў, што Расея «адкрыта да палітычнага ўрэгулявання» Але, паводле яго слоў, павінна абмяркоўвацца не часовае спыненне агню, а заканчэнне канфлікту «шляхам ліквідацыі яго першапрычын». Да такіх ён аднёс пашырэнне NАТО на ўсход, а таксама "стварэнне пагроз жыццёвым інтарэсам бяспекі» Расеі і парушэнне ўкраінскімі ўладамі правоў расейцаў.