УСУ спалілі пад Курахавам расейскія калоны разам з дэсантам
- 1.11.2024, 11:39
Для акупантаў адкрылі "партал у пекла".
Расейскія войскі каля Курахава Данецкай вобласці атакуюць украінскія сілы калонамі тэхнікі. Абаронцы Украіны спальваюць іх разам з варожым дэсантам.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на прадстаўніка прэс-службы 79-й асобнай дэсантна-штурмавой Таўрыйскай брыгады Арэста Дрымалоўскага ў эфіры тэлемарафону.
«Таўрыйскія дэсантнікі нібыта адкрылі партал у пекла акупантам у раёне сяла Канстанцінаўка пад Курахавам, і расейцы працягваюць заходзіць туды цэлымі калонамі фактычна. Напярэдадні нашы ваяры спалілі два танкі і тры баявыя браняваныя машыны разам з дэсантам, адну машыну пашкодзілі», - сказаў ён.
Са слоў вайскоўца, гэта не першы падобны механізаваны штурм на гэтым тыдні, а трэці ці чацвёрты выпадак, калі расейцы выкарыстоўваюць такую вялікую колькасць тэхнікі.
«У панядзелак увогуле расейцы добра атрымалі па зубах: 12 бронемашын страцілі, у тым ліку мадэрнізаваную БМПТ «Тэрмінатар». Нашы ваяры працяглы час на яе палявалі. Удалося знішчыць, спыніць, а затым спаліць на полі бою», - адзначыў Дрымалоўскі.
Ён дадаў, што сітуацыя каля Курахава вельмі напружаная, вораг кожны дзень спрабуе прамацваць украінскую абарону і ідзе ў атакі, каб яшчэ глыбей ахапіць горад.