BE RU EN

«У гатэлі мы наядаліся так, што хадзіць і набываць садавіну ўжо не хацелі»

  • 1.11.2024, 21:17

Магіляўчанка – пра адпачынак у Турцыі ў аксамітны сезон.

Чытачка выдання «Вячэрні Бабруйск» з Магілёва Марына расказала, як яна адпачывала ў Турцыі ў канцы верасня.

Тыднёвы водпуск магіляўчанка праводзіла разам з дачкой, тур набылі «гарачы»:

– Раней заўсёды спынялася ў гатэлях 4-5 зорак, але сёлета туры настолькі дарагія, што выбрала сімпотную «троечку». Невялікую, на 140 месцаў. У канцы верасня там адпачывала ўсяго 30 чалавек.

Марына ўважае Кемер за адно з найлепшых месцаў для адпачынку ў Турцыі. Трэці год запар яна прыязджае менавіта ў Бельдзібі (курортнае мястэчка ў Кемеры – заўв.), а ў дакавідныя часы аддавала перавагу Анталіі і Аланіі. Паводле ейных словаў, калі набываць тур у самога гатэля, то тыдзень на дваіх з сістэмай «усё ўключана» абыдзецца на 220 еўраў:

– Праз тураператара, зразумела, атрымліваецца ў разы даражэй, бо туды ўваходзіць і шасцігадзінны пералёт, і кошт турпаслуг. «Гарачыя» туры, колькі мы ні спрабавалі знайсці нешта танней, на тыдзень пачыналіся ад 1500 еўраў на дваіх. І гэта ў бюджэтны гатэль!

Марына кажа, што трохзоркавы гатэль спадабаўся ёй не менш, чым дарагія «чацвёркі» і «пяцёркі».

– Нумар, вядома, быў прасцейшы, ды і рамонт яму не перашкодзіў бы, але колькі ты ў тым нумары знаходзішся. А персанал выдатны: людзі лагодныя, адказныя, старанныя, гасцінныя. Што да ежы, то ўсё было па-хатняму і вельмі смачна. Гаспадары гатэля, мы бачылі, самі сілкуюцца з агульнага стала, а гэта шмат пра што кажа. Заўсёды хапала зеляніны, гародніны. Дыні і кавуны елі ад пуза, у іншых гатэлях, нам расказвалі, замест садавіны давалі палоўкі нейкіх нясмачных яблыкаў, якія і есці было немагчыма. На радасць нашым беларускім страўнікам не гатавалі ніякіх перасоленых ці занадта запраўленых страваў, затое на стале стаялі спецыі, каб кожны рэгуляваў іх на свой смак, – смяецца Марына.

Турыстычны бізнэс у Турцыі цяпер жыве не найлепшыя часы, адзначае магіляўчанка. Інфляцыя, курс ліры скача, кошты растуць. Каб неяк аптымізаваць выдаткі, у гатэлі не было афіцыянтаў.

– Атрымліваецца, што на 110 еўраў за тыдзень гаспадару гатэля трэба абмываць пастаяльца, накарміць, заплаціць грошы абслуговага персаналу. Дык што з тых грошай застаецца? – разважае Марына. – Мы неяк разгаварыліся з гаспадаром, і ён прызнаўся, што за кошт гатэля цяпер не пражыць, таму думае яшчэ пра нейкі заробак.

– У гатэлі мы наядаліся так, што хадзіць і набываць садавіну ўжо не хацелі. Бралі некалькі разоў персікі два даляры за кілаграм. У канцы сезону яны нясмачныя, што на рынку, што ў краме. А вось гранаты цудоўныя.

Сёлета ніякіх сувеніраў і падарункаў жанчына не набывала. Але пра кошты сёе-тое расказала. Тапкі каралавыя каштуюць 5-8 даляраў, футболкі і майкі – ад 3 даляраў і вышэй. Добры сіліконавы чамадан у канцы сезону каштуе 30 даляраў, кава дробнага памолу – 5 даляраў за слоік 250 г. Лукум – ад 10 да 15 даляраў за кілаграм. Нядрэнныя зніжкі можна знайсці на парфумерыю ў Duty Free.

– Расплачвацца, дарэчы, усюды можна любой валютай – у расейскіх рублях, грыўнях, лірах, еўрах і далярах. Трэба сказаць, што даляры і еўры ў Турцыі не заўсёды могуць прыняць. Са мной такое і здарылася адзін раз. На прасвет правяралі на тэрмінале і сказалі, што купюра залітая.

Свой адпачынак Марына называе ўдачным. У маленькім гатэлі няшумна, атмасфера хатняя. Мора ў верасні цудоўнае, 27–28 градусаў. Апроч пляжу, шпацыраваць можна ў шыкоўным муніцыпальным парку, якія размешчаны ўздоўж берагавой лініі:

– Вечарамі там збіраецца шмат людзей, дзеці вялікімі кампаніямі, гуляюць у валейбол у баскетбол. Прыбіральні бясплатныя, уся тэрыторыя вельмі дагледжаная. Перад сном мы абавязкова здзяйснялі шпацыр. Калі налета збяруся ў Турцыі, то толькі ў Кемер і ў аксамітны сезон.

Апошнія навіны