У магілёўскай калоніі памёр палітвязень
- 1.11.2024, 20:03
Гэта як мінімум дзявяты вязень сумлення, які памёр у лукашысцкіх засценках.
Пра смерць палітвязня ў магілёўскай ВК-15 паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Гэта Дзмітрый Шлетгаўэр – грамадзянін Расеі. Інфармацыя пра «таемны» суд над ім з'явілася ў канцы жніўня. Паведамлялася, што мужчыну прызналі вінаватым у «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «шпіянажы» (арт. 358 КК). Прысуд у справе не быў вядомы, але санкцыя апошняга артыкула прадугледжвае ад сямі да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Пра расейскае грамадзянства Дзмітрыя Шлетгаўэра паведамляла «Медыязона». Паводле інфармацыі выдання, ён быў нараджэнцам расейскага Слаўгарада, з 2018 года меў беларускі ВНЖ. Мужчына працаваў у Камянцы на прадпрыемстве ў вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.
Гэта як мінімум дзявяты палітвязень, які памёр у беларускіх турмах.
21 траўня 2021 года ў Шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак.
5 студзеня 2022 года ў Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Зміцер Дудайць.
7 траўня 2023 года ў калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч.
5 ліпеня 2023 года ў Лідскім РАУС раптоўна памёр 37-гадовы мясцовы паэт, удзельнік фестываляў сучаснага мастацтва Дзмітрый Сарокін.
11 ліпеня 2023 года ў Гарадзенскай турме ад прабадной язвы памёр мастак Алесь Пушкін.
13 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі №3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько.
20 лютага 2024 года стала вядома пра смерць у турме актывіста апазіцыі Ігара Ледніка, які меў групу інваліднасці праз праблемы з сэрцам.
10 красавіка 2024 года ў берасцейскім СІЗА памёр абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі падпалкоўнік ПДВ Аляксандр Кулініч.
Абставіны смерці Дзмітрыя Шлетгаўэра пакуль не вядомыя. «Вясна» паведамляе, трагедыя здарылася ў першай палове кастрычніка 2024 года. У калонію Дзмітрый патрапіў, як мяркуецца, у канцы верасня ці пачатку кастрычніка.