BE RU EN

Выведка Эстоніі: Страты КНДР на вайне супраць Украіны перавысяць расейскія

  • 1.11.2024, 20:29

Паўночнакарэйцы дрэнна падрыхтаваныя.

Удзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны, верагодна, не будзе мець значнага ўплыву на сітуацыю на фронце. Салдаты КНДР панясуць большыя страты на вайне, чым расейскія войскі. Такое меркаванне выказаў камандзір Цэнтра выведкі Мінабароны Эстоніі палкоўнік Антс Ківісельг, піша ERR.

Паводле ягоных словаў, у расейскую Курскую вобласць ужо прыбылі блізу 3000 вайскоўцаў з 11-га армейскага корпуса КНДР, у тым ліку 200 спецназаўцаў. Яны трапілі ў РФ у пачатку кастрычніка і прайшлі папярэднюю падрыхтоўку ва Усходняй ваеннай акрузе, якая доўжылася ад двух да чатырох тыдняў.

Ківісельг расказаў, што далей пачалася перадыслакацыя паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на фронт.

«У цэлым Паўночная Карэя паабяцала накіраваць у Расейскую Федэрацыю 10–12 тысячаў вайскоўцаў, у тым ліку 500 афіцэраў і трох генералаў. Прыбыццё паўночнакарэйскіх салдатаў на ўкраінскі фронт, верагодна, будзе адбывацца паэтапна. Прыбыццё наступных паўночнакарэйскіх падраздзяленняў на ўкраінскі фронт адбудзецца цягам найбліжэйшых тыдняў», – сказаў камандзір эстонскай выведкі.

Ківісельг падкрэсліў, што паўночнакарэйскія салдаты, у асноўным, маюць досвед вядзення баявых дзеянняў у горнай мясцовасці, а ўмовы ва Украіне ім не знаёмыя. У той самы час падрыхтоўка жаўнераў КНДР у РФ не з'яўляецца высакаякаснай.

«Падрыхтоўка, якую яны праходзяць у Расейскай Федэрацыі, безумоўна, не вельмі высокага ўзроўню. Таму мы можам чакаць, што паўночнакарэйскія падраздзяленні панясуць вялікія страты ва Украіне, і, верагодна, нават большыя страты, чым сілы Расейскай Федэрацыі панеслі да гэтага часу», – падкрэсліў палкоўнік.

Паводле ягоных словаў, разгортванне паўночнакарэйскіх падраздзяленняў ва Украіне прадоўжыцца. Паводле прагнозаў эстонскай выведкі, гэта не прывядзе да кардынальных зменаў на фронце.

«Але калі гэтае дадатковае разгортванне падраздзяленняў у Расеі, іх падрыхтоўка, а потым прыбыццё на ўкраінскі фронт прадоўжацца ў доўгатэрміновай перспектыве, гэта, безумоўна, можа прынесці некаторыя змены на лініі фронту», – дадаў Ківісельг.

Апошнія навіны